RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Падарожжа
Падарожжа — слова кніжнае. Звычайна ніхто з нас, ні з нашых блізкіх і знаёмых у падарожжы не бывае. Звычайна мы ходзім на прагулянкі, у вандроўкі, езьдзім у паездкі, туры, ваяжы — але не ў падарожжы. У падарожжы людзі выпраўляліся даўней — для гэткіх людзей Скарына некалі выдаў «Малую Падарожную Кніжку». Прамовіўшы слова падарожжа, мы надаем апавяданьню спэцыфічны сэнс - таемны, містычны, іранічны, паэтычны. Часта гэтак называюцца кнігі: «Падарожжа ў ХІХ стагодзьдзе» Адама Мальдзіса - пра пошукі разгубленага ў мінуўшчыне беларускага сусьвету. «Падарожжа на новую зямлю» Міхася Зарэцкага 1929 году - пра пошукі прымроенай Беларусі, якой яна магла б быць, калі б пайшла несавецкім шляхам. Падарожжа этымалягічна - гэта стан быцьця ў дарозе. Найбліжэй яно стаіць да польскага podroz, на манер якога, пэўна, і было ўтворанае. І яшчэ падарожжа - знак супольнага руху - з тымі, каму з табой па дарозе. І тут мабыць закладзеная найглыбейшая беларуская сымболіка гэтага слова. Беларускае Падарожжа - гэта бясконцыя пошукі самых сябе ў прасторы й часе, бясконцы шлях да сваёй сутнасьці. Сяргей Шупа
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |