RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Падаянка
Ёсьць такія беларускія словы, якія азначаюць актуальныя рэаліі нашага жыцьця, але ў літаратурнай мове іхнае месца займаюць або відавочныя запазычаньні, або няўдалыя калькі. Перавесьці іх з гутарковай мовы ў літаратурную можа як творчасьць пісьменьнікаў, так і жывы моўны працэс. Пра адно з такіх словаў мы даведаліся ад нашай слухачкі Валянціны Мароз. Янка Брыль са слоў культаўскага вязьня Міколы Хведаровіча занатаваў такое: «Жанчыны ня толькі ехалі за мужамі ў ссылку, але і каля турмаў далёкіх некаторыя аціраліся, куды б яго ні перавялі. Падаянкі перадавалі». Слова падаянка ў Брылёвым кантэксьце — харчовая перадача вязьню, а можа й ахоўніку, каб ласкавейшы быў. У нашай мікалаўскай гаворцы спрадвеку існавала падаянка толькі са значэньнем «хабар» — тое, што прызначана чужому. Але за савецкім часам у вясковых тэмах стала распаўсюджвацца асуджальна-ацэначнае: «Ціперашнім часам гарацкія дзеці летам да бацькоў прыяжджаюць аддыхаць, а зімою — падаянкі браць». Маецца на ўвазе сала, мяса, сыр ды масла. Атрымліваецца нешта накшталт савецкае харчразьвёрсткі, толькі экспрапрыююць не наезныя чужакі, а свае крэўныя. Падаянка пакуль па-за беларускімі лексыкаграфічнымі даведнікамі. А якасьць і вартасьць гэтага шматзначнага слова паказвае на ягоную функцыянальную прыдатнасьць у сучасным беларускім асяродку. І найвыразьней бачыцца, што актуалізавацца будзе значэньне «хабар». Бо вельмі ж увішна навучыліся беларусы прапаноўваць сваё, не адчуваючы пагрозы ад суседзяў-заграбайлаў. І дажыліся да таго, што падаянкаю ў руках пустадомка сталася сама наша Краіна-Беларусь. Валянціна Мароз
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |