border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Орган

Калі ў сярэдзіне 80-х мне давялося працаваць у сакратарыяце газэты «Гомельская праўда», я ня раз чуў ад рэдактара «пастановачную» фразу: «Вы працуеце ў органе абкома партыі!» Ключавым тут было слова орган, а сама фраза заключала ў сабе адначасова і папрок, і заклік.  Орган увасабляў нечую неабмежаваную ўладу.  Прычым калі орган вымаўляўся ў множным ліку, гэтая ўлада рабілася яшчэ й таемнай.  Калі кагосьці забіралі органы, лёс небаракі быў незайздросны.  Калі нехта працаваў у органах, ён станавіўся першым, каго баяліся, і апошнім, да каго зьвярталіся ў самай важнай патрэбе.

Парадокс заключаўся ў тым, што орган абазначаў яшчэ й розныя часткі чалавечага цела.  У кожнага з нас былі СВАЕ органы — зроку і слыху, асязаньня і абаняньня.  Былі таксама і полавыя органы, што ў савецкай рэчаіснасьці і сыстэме стэрэатыпаў магло зрабіць сытуацыю з удзелам слова орган — пікантнай.  Прычым усё было ў лексычным сэнсе неяк пераблытана: органы ўтваралі арганізм, а з арганізмаў вырасталі арганізацыі... 

З спробаў «беларусізаваць» орган прыгадваецца хіба што прыстаўное «в-» напачатку.  Слуцкая раёнка 1937 году на першай старонцы апісвала «палавыя ворганы кныра» — гэта была сур’ёзная асьветніцкая праца зь сялянствам, якому належала ў сьвятле рашэньняў партыйных ворганаў павялічыць пагалоўе сьвіньняў.

Сёньня ў жывым беларускім маўленьні слова орган пазьбягаецца носьбітамі, якія на розныя лады падшукваюць яму замяняльнікі.  Дэмакратычныя газэты перасталі быць органамі пэўных арганізацыяў, органы ўлады найчасьцей называюцца ўстановамі...  Хіба што ў арганізме яшчэ пакуль падаюць прыкметы жыцьця органы слыху і асязаньня.

Сяргей Дубавец
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org