RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Нярускі.
Нярускі - адзін з элемэнтаў самазьнішчэньня беларусаў як нацыі. Калі адна мая знаёмая на прыканцы 70-ых наведала Беласточчыну, адным з галоўных уражаньняў было наступнае: тамтэйшыя беларусы цьвердзілі, што яны рускія. "Дык вы расейцы?" -- пыталася мая знаёмая. "Не, мы не маскалі", -- адказвалі тыя. У беластоцкіх слова рускі было прывязанае да праваслаўя - рускай (але не расейскай) веры. Магчыма этымалягічна гэты выраз і мае рэлігійнае паходжаньне. Але... Зусім іншае значэньне слова нярускі мела ў БССР, дзе словы рускі
і расеец былі поўнымі сынонімамі.
Нярускім мог быць названы нават той, хто гаварыў па беларуску або на трасянцы. "Гавары на нармальнам языку. Што ты як ня рускі", -- почасту чуў беларускамоўны грамадзянін ад местачковага трасяначніка. Індывідуўм, які ўжываў згаданыя фразы, як бы адразу сам станавіўся рускім, што ў СССР азначала вышэйшым сярод аднолькавых, лепшым сярод роўных. Слова нярускі нельга перакласьці на іншыя мовы сьвету. Калі б, скажам, у той самай Югаславіі харвату сказалі: "Што ты як ня сэрб", той бы, напэўна, з годнасьцю адказаў: "А я і ня ёсьць сэрб!" Са зьяўленьнем новых рускіх, пасьля развалу СССР, мусілі б зьявіцца і новыя беларусы. На жаль гэтага, за вельмі рэдкім выключэньнем, не адбылося, а таму й няма новага нярускага, які могбы сказаць: "Я - беларус!" Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |