border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Нiва

Нiва - вельмi кароткае i вельмi невыразнае слова, у iм губляецца сэнс.  Мовазнаўцам тут цяжка зачапiцца за гукi, каб растлумачыць паходжаньне слова.  Нiва можа зьляцець з вуснаў у часе п'янога мармытаньня як частка папулярнага выразу "нiва-прос".  Адныя этымолягi зьвязваюць нiву са словамi "нiз" i "нiцма".  I тады паўстае цэлы шэраг прыкладаў з розных моваў, i ўсё зводзiцца да цяжкiх хваробаў i напасьцяў.  Нiва - невараць, значыць, сьмерць.  Iншыя этымолягi кажуць, што гук "н" мог прышчапiцца ў працэсе таго самага мармытаньня, калi чалавечы рот сам карэктуе й спрашчае сутыкненьнi розных словаў так, як яму лягчэй вымаўляць.  I тады паўстае iншы шэраг прыкладаў, дзе ўсё зводзiцца, наадварот, да рэчаiснасьцi i жыцьця.

Па-беларуску нiва - гэта поле, прычым як звычайнае поле, так i поле дзейнасьцi.  У другiм варыянце нiва гучыць узьнёсла.  Нельга сказаць, што прафэсар Цюцюкевiч дабiўся посьпехаў у полi кардыяхiрургii.  Таму кажуць - на нiве кардыяхiрургii.

Памiж простым i ўскосным сэнсамi слова iснуе канфлiкт.  Гэтак у рэдакцыю лiтаратурнай газэты "Наша Нiва" часьцяком зьвяртаюцца аграрыi, абураныя тым, што газэта ня пiша "пра сяло". Канфлiкту спрыяе i тое, што выходзяць як мiнiмум тры беларускiя газэты з падобнымi назвамi.  Акрамя названай згадаю яшчэ беластоцкую "Нiву" i прэзыдэнцкую рускамоўную "Белорусскую ниву", якая сапраўды пiша пра аграрныя справы. Што да абураных чытачоў "Нашай Нiвы", дык яны й ня ведаюць, што выяўляюць тым самым сваю неабазнанасьць i неадукаванасьць. Яны забылiся, што яшчэ ў школе iм распавядалi пра першую беларускую газэту, у якой супрацоўнiчалi Янка Купала i Якуб Колас i якая стала расплодзiшчам нашага нацыянальнага адраджэньня ў ХХ ст.

А яшчэ ёсьць савецкi джып "Нiва" i савецкi камбайн "Нiва". Праўда, у гэтых словазлучэньнях галоўнае слова ўсё ж ня "нiва", а "савецкi".  Разам з краiнай, якая насiла такую назву, адыходзяць у нябыт i ейныя мэханiзмы.  Савецкiя джыпы на нашых дарогах усё больш саступаюць месца проста джыпам.  А ў беларускім калгасе летась зьявіўся першы амэрыканскі камбайн.

Сяргей Дубавец
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org