border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Народ

Найчасьцей слова «народ» выкарыстоўваецца палітыкамі, прычым супрацьлеглых поглядаў, і кожны шчыра верыць у сваё права спасылацца на народ як на крыніцу ўласнае рацыі.  У Менску выдаюцца «Народная Газэта» і «Народная Воля» - з палярна супрацьлеглым разуменьнем таго, што азначае гэтае паняцьце.

Ці ёсьць народ проста сынонімам насельніцтва, якое Быкаў аднойчы назваў словам «людзтва» - з усімі ягонымі праведнікамі і нягоднікамі, незалежнікамі і інтэгратарамі?  Калі мы пагаджаемся з гэтым, то мусім прызнаць і тое, што «воля народу» можа быць вызначаная сярэдняю арытмэтычнаю лічбаю.  Але з гэтага непазьбежна вынікае, што народ можа памыляцца.  І сапраўды: атрымаўшы ў 1994 годзе - ці не ўпершыню за стагодзьдзі - хай і адносную, але магчымасьць зрабіць вольны выбар - народ зрабіў яго не на карысьць самому сабе.

Другі падыход - разумець пад народам тую частку насельніцтва, якая актыўна імкнецца да пераменаў.  Пад пераменамі звычайна маюцца на ўвазе незалежнасьць, дэмакратыя і рынкавыя рэформы.  Менавіта такая трактоўка была пакладзеная ў назву Народнага Фронту ягонымі стваральнікамі.

Ці ня ўсё ХХ стагодзьдзе слова «народ» спалучалася з вызначэньнем «савецкі» - і надаваліся яму самыя станоўчыя якасьці.  А вось Багдановіч напачатку стагодзьдзя прамовіў: «Народ, беларускі народ, ты цёмны, сьляпы, быццам крот»...

Прыкметна, што паэты часам не атаясамлівалі народ і Беларусь.  У «Малітве» Арсеньевай: «Зрабі магутнай, зрабі шчасьлівай краіну нашу і наш народ».  Нават граматычная форма звароту выяўляе першынства краіны («свабоднай», «шчасьлівай»), і толькі потым дадаецца - народ.

Надыйдзе нарэшце час, калі і дэмакратыя, і незалежнасьць з мэтаў пераўтворацца ва ўмовы існаваньня.  Магчыма, тады паняцьці «народ» і «Беларусь» будуць непарыўныя...

Сяргей Навумчык
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org