border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Нацыяналіст

Нацыяналіст -- чалавек верны сваёй нацыі, сваёй Радзіме, свайму народу.

Гэта савецка-імпэрская прапаганда зрабіла з нацыяналіста нейкае пудзіла, нейкага тэрарыста, бо ён падрываў і без таго рыхлы падмурак імпэрыі, якая займала як ні шасьціну зямное кулі.

Любіць сваю мову й карыстаецца ёю -- нацыяналіст. Любіць, шануе й ведае сваю гісторыю -- нацыяналіст. Хоча жыць у сваёй этна-дзяржаве як вольны чалавек -- нацыяналіст.

Савецкая прапагандовая машына перакрэсьлівала паняцьце нацыяналіст на інтэрнацыяналіст. Але інтэрнацыяналіст палягае на корані нацыяналіст. Атрымлівалася, што будавалі мост уздоўж ракі.

Савецкія войскі, што падбухторвалі не адную краіну на так званую рэвалюцыю, называліся воінамі-інтэрнацыяналістамі.

Пройдзе час, няхай сабе й нямала, а слову нацыяналіст будзе вернутая ягоная першапачатковая шана.

Шчыры нацыяналіст перад сумленьнем чыст.

Рыгор Барадулін
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org