border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Мурок

Ёсьць у суворага пазычаньня зь нямецкае мур роднаснае беларускае мурок.  Якое тым цікавае, што ня сталася звычайным варыянтам з памяншальна-ласкальным суфіксам -ок-, а зажыло самастойным жыцьцём.  Мурок — ня проста маленькі мур, а такое мураванае жытло, якое чалавек вызнае за часовае.  Таму ў зьмесьце і форме слова адценьне несамавітасьці, няпоўнавартаснасьці, але разам з тым і пэўнае ўдзячнасьці (служыла ж, давала прытулак!).  Пры неспрыяльных варунках у мурку можна прачасаваць і ўсё жыцьцё.  Але калі ўзьбівацца на што лепшае, то беларус пэўна ж памкнецца не ў раскошны мур-палац, а ва ўтульную драўляную хату.  Ці ня тое пацьвярджаюць густыя зарасьлі нежылых катэджаў пад гарадамі ды мястэчкамі, з гарачкі набудаваныя ў часы перабудовы.

Беларус дыстантуецца і ад будынкаў-муроў — халодна-афіцыйных установаў сталінскага тыпу, і ад слова мур, абцяжаранага жахлівым аманімічным МУР (Московский уголовный розыск).  Нашы вясковыя гараджане асвойвалі горад і гарадзкое жытло словам цагляны: цагляны дом, цагляная кладка, сьцены з цэглы.  Мураванымі заставаліся толькі сьцены Брэсцкае крэпасьці.  Ды жылі спрадвечна-легендарныя муры разбураных вежаў і замкаў.

Узьнятае сёньня на лёзунгі Беларускага Народнага Фронту «Беларусь — наш дом, наш храм» ды інтэрпрэтаванае Зянонам Пазьняком для перадвыбарчае праграмы «Беларусь — наш беларускі дом» прыцягвае ўвагу сваёй людзкасьцю, адпаведнасьцю спрадвечным памкненьням беларуса ўзьбіцца на ўласнае, жаданае, прыватнае жытло.  Прастуйма ж, браты-беларусы, з савецкага мурка — несамавіта-часовага прытулку — у свае драўляныя і цагляныя хаты — наш беларускі дом, назва якому — Беларусь!

Валянціна Мароз
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org