border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Могілкі

Адзінае месца на сьвеце дзе ўсе роўныя - могілкі. Кожны мае больш менш тыя самыя квадраты на месца для труны. Затое верхняя частка магілы: нагробак, шмат у каго свая, почасту нестандартная, адметная. Паводле выгляду і стану могілак трэба меркаваць пра жывых.

У Беларусі могілкі называюць яшчэ: могілцы, клады, пагост, цьвінтар, кладзішча. На могілкі ідуць на Радаўніцу і на Дзяды, ідуць у дні жалобы і проста, як кажуць, "да сваіх".

"Нас можа зьнішчыць толькі той, -- кажа гэрой старажытнай легенды, -- хто знойдзе і разбурыць нашыя магілы". У 20-ым стагодзьдзі магілы беларусаў былі знойдзеныя і іх пачалі зьнішчаць. Найперш - свае. На адным пісьменьніцкім зьезьдзе Адам Мальдзіс распавёў, як шукаў ён на старых каталіцкіх могілках у вёсцы Валынцы магілы першых вядомых беларускіх драматургаў Цяцерскага і Марашэўскага. Могілкі ж былі спляжаныя. Магілы раскапаныя. Чарапы павешаныя на палкі.

У 20 стагодзьдзі ў Полацку зруйнавалі могілкі і пабудавалі аэрадром. У Менску на месцы Старажоўскіх могілак - кінатэатр. У Віцебску: 9-павярховы дом з крамай "Дзіцячы сьвет" і плошчу Перамогі. Сьпіс можна доўжыць, але, як бачым, усё збудаванае на месцы могілак сымбалізуе сабой крах маралі і духовае зьнішчэньне нацыі.

Яшчэ адзін тып могілак пакінула па сабе вайна ў выглядзе шматлікіх забытых пахаваньняў. Наступны тып пакінулі рэпрэсыі. Курапаты, якія зьнішчаліся праз увесь час свайго існаваньня - спачатку фізычна - тымі хто замятаў сьляды злачынстваў, а потым маральна - тымі хто не хацеў прызнаць гістарычнае праўды -- толькі нязначная частка таго, што мусіла б стаць вядомым.

У 80-ыя гады нацыяналістычная моладзь у Менску праводзіла свае нелегальныя сходкі на Кальварыйскіх могілках. Там, побач з магіламі продкаў, было бясьпечна. Небясьпечна было сярод жывых. Гэтая ж моладзь ішла да забытых магілаў паўстанцаў Каліноўскага, пісьменьнікаў Янкі Лучыны, Ядвігіна Ш, Казіміра Сваяка і іншых. Пры Маскоўскіх могілках у Менску міліцыя зьбівала дубінкамі і труціла газам людзей якія на Дзяды ішлі да магілы Ўладзіміра Караткевіч, да магілаў сваіх родных і блізкіх. Улада рабіла ўсё, каб разбурыць нашыя магілы. Каб ня сталася таго, пра што бард Алесь Камоцкі прасьпяваў: "Бацькі з магіл цяплом дыхнулі, каб дзецям жыць лягчэй было".

У парыве забраць нашыя магілы савецкая ўлада падрыхтавала для Беларусі свае могілкі - Чарнобыль. У іх маглі б зьмясьціцца ўсе. І зьмясьціліся б, калі б не магутная хваля нацыянальнага адраджэньня. На парозе 21 стагодзьдзя наш народ вяртаецца да магілаў сваіх продкаў, да сваіх каранёў, да памяці.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org