border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Меч

Меч - адзін з элемэнтаў нашага нацыянальнага гербу "Пагоня" і знак Вялікакняжацкай улады ў Вялікім Княстве Беларуска-літоўскім.  Выявы мяча почасту сустракаюцца на гярбах беларускае шляхты.  На адным з праектаў гербу бальшавіцкай дзяржавы таксама быў меч, які, паводле легенды, Ленін загадаў прыбраць, каб паказаць міралюбны характар бальшавікоў, маўляў - "перакуём мячы на аралы".  Скасаваны так званым правадыром меч ім жа самім і быў укладзены ў рукі ЧК, пасьля чаго гэтую зброю пачалі называць карным мячом рэвалюцыі.  70 гадоў ён лютаваў у Беларусі паводле прынцыпу "Мой меч - твая галава з плеч".  Інтэлігенцыя, рабочыя, сяляне, ды й самі бальшавікі скаштавалі яго напоўніцу.

Скрыжаваць мячы.  Падняць меч.  Прыйсьці зь мячом.  Дамоклаў меч.  Выразы зразумелыя кожнаму.

Мечнік - службовая асоба і ганаровае званьне ў Вялікім Княстве, а таксама ваяр зь мячом і збройнік, які вырабляў гэты тып узбраеньня.

Меч - слова, якое ў тых ці іншых варыянтах гучаньня маюць усе эўрапейскія мовы.  У нашай ад яго ўтварыліся: мечападобны, мячовы, мечаваты.

Вобраз мяча - адзін з асноўных атрыбутаў вуснае народнае творчасьці.  "Я ж тых маскалёў мячом пасяку" - сьпяваюць сьвяточнымі зімовымі вечарамі калядоўшчыкі.

Мячыслаў - Беларускае імя, у якім чуецца: мечаны славай, альбо ўслаўлены мячом.

"Біце ў сэрцы іх, біце мячамі, не давайце чужынцамі быць", - напісаў у вечна надзённым вершы "Пагоня" Максім Багдановіч пра тых, хто здрадзіў нашай Бацькаўшчыне.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org