RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Мэтро
У перакладзе з грэцкай мовы слова Metropolis азначае галоўны горад. Ці сталіца. Ад гэтага кораню ўтварылася шмат якіх словаў, у тым ліку й французскае metropolitain. У 1984-м годзе сваё мэтро зьявілася і ў беларусаў, у Менску. А першы ў сьвеце мэтрапалітэн быў адкрыты ў Лёндане, тады, калі пад Менскам ішлі баі паміж паўстанцамі Каліноўскага й расейскай арміяй. Мне, чкамусьці, цяжка спалучыць гэтыя падзеі ў адным часе: "У нас няма дваран" і "Асьцярожна! Дзьверы зачыняюцца", -- такую, здаецца, далёкую гісторыю і такі сучасны від транспарту. Зрэшты, у ХХ ст. мэтро разглядалася ня толькі як зручны транспарт. Гэта быў і яшчэ адзін моцны сродак савецкай манумэнтальнай прапаганды. Ад "Плошчы Леніна" мы праз "Кастрычніцкую" ехалі да канечнай станцыі "Маскоўская" і ганарыліся сваёй далучанасьцю да клюбу мэгаполісаў. Да букету менскага паветра дадаўся цёплы, смалісты пах шпалаў, а ў лексыкон менчукоў паступова ўваходзілі новыя фразы: "Сустрэнемся ў мэтро", "Трэба пасьпець на апошні цягнік", "Ля якой станцыі Вы жывяце?". Казалася ўсё гэта, вядома, не па-беларуску. Але тое, што моваю падземкі была менавіта беларуская мова, успрымалася цалкам натуральна. З набыцьцём незалежнасьці была нават ідэя, што мэтро аўтаматычна станецца прапагандыстам беларушчыны. Але станцыяў "Кальварыйская" ці "Цівалі" мы так і не дачакаліся. Ня стала нашае мэтро й дзейснаю зброяй незалежнага прафсаюзнага руху. Для ўсяго гэтага патрэбныя зьмены наверсе. Паводле былых савецкіх плянаў сёлета мусіла запрацаваць трэцяя, апошняя лінія. Але мэтро - штука дарагая. Асабліва пры кошце праезду ў адзін амэрыканскі цэнт. Можа, менавіта на трэцяй лініі мы калі-небудзь пачуем: "Станцыя "Каліноўская". Наступная станцыя -- "Плошча 25 сакавіка". Каб ужо ніколі не праехаць праз сваё. Зьміцер Бартосік
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |