border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Мент

У Краіне Саветаў усё было наадварот. Праўда лічылася наветам, пакупнікі існавалі для крамаў, а войска змагалася за мір. У прыватнасьці, паліцыю (г.зн. гарадзкую службу), там называлі міліцыяй (г.зн. ваеннай, мілітарнай службай), але пры гэтым міліцыянт мусіў увасабляць у вачах народа міралюбства і гуманізм, а паліцыянт асацыяваўся з фашыстоўскімі захопнікамі і капіталістычным бяспраўем.

Бадай, найбольш міралюбства міліцыі спаміж іншых рэспублік-сясьцёр культывавалася ў БССР. Памятаю, яшчэ зь дзяцінства душа не прымала пачутае ў гутарках з раўналеткамі блатняцкае слова "мент" -- выраз пагарды да ахоўнікаў парадку. Як можна было пагарджаць гэтымі дабрадушнымі дзядзямі Сьцёпамі, якія пераводзяць бабульку цераз вуліцу, а да таго ж адважна змагаюцца са злодзеямі. У каго спытаць, як прайсьці да патрэбнага месца, параіцца, або нават і проста папытацца часу? Найзручней у міліцыянта. Словам, народ міліцыю паважаў, "мянтамі" яе не называў, масава чытаў міліцэйскую газэту "На страже Октября", пра што сьведчыў яе тагачасны наклад, і не хадзіў на чырвонае сьвятло, чым зьдзіўляў сваіх суседзяў у былым СССР. У першыя перастроечныя гады тагачасныя нефармалы любілі паўтараць, што міліцыя -- з намі, бо гэта нашы, беларускія, вясковыя пераважна хлопцы. Напэўна, так яно й было.

Але вось настаў кастрычнік 88-га году. Дзяды. Масавы мітынг на Маскоўскіх могілках у Менску. На сумленьні тагачаснага міністра МУС Віктара Піскарова першы развод народа зь міліцыяй, першыя сутычкі, вадамёты і сьлезацечны газ. Гэта тады да групы дэманстрантаў, загнаных дубінкамі ў поле, падбег запыханы юнак і пракрычаў слова трывогі -- мянты! З таго часу экзатычнае блатняцкае слова, якое раней азначала ўсяго толькі дасьведчанасьць распавядальніка ў тэрміналёгіі крымінальнікаў, увайшло ў беларускую мову як паўнапраўная і часта ўжывальная лексэма. Мент стаў пэрсанажам нашага жыцьця.

А пасьля быў Лукашэнка, які разбухаў міліцэйскія штаты да нічым не апраўданых памераў, што прывяло да дыскваліфікацыі ахоўнікаў парадку. Пасьля былі разгоны мірных дэманстрацыяў, пабоішчы і арышты на вуліцы проста за беларускую мову або -- за карыя вочы. І вось ужо сёньня нікога ня зьдзівіць выгляд міліцыянта, які ўтаропіўся ў вакно трамвая, калі побач тэрарызуе публіку п'яны бамбіза. Я бачыў, як два патрульныя ў Менску прасьледавалі міма чалавека, што ня мог падняцца зь зямлі. Але каб міліцыянт пераводзіў праз вуліцу бабульку, я ня бачыў даўно. І спытацца ў міліцыянта, каторая гадзіна, не прыходзіць у галаву. Затое, калі мы зь калегам размаўляем на тралейбусным прыпынку, а міма праходзіць міліцэйскі нарад, для мяне стала зусім натуральным упаўголасу папярэдзіць сябра: асьцярожна, мянты!

Сяргей Дубавец
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org