RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Менск
Таямніца паходжаньня назову цяперашняй сталіцы Беларусі губляецца ў далёкай смузе стагодзьдзяў. Найбольш верагодным лічыцца гіпотэза, якая выводзіць яго ад рэчкі Менкі, што цячэ кілямэтраў за 20 на паўдзённы захад ад Менску. Форма Менск (у старым напісаньні — празь літару «Яць») захоўвалася даўгімі стагодзьдзямі — у старадаўніх летапісах, актавых кнігах і ў жывой народнай гаворцы. Аднак з наступам палянізацыі, калі старабеларуская мова ў афіцыйным ужытку была выціснутая польскай, Менск зрабіўся Міньскам. Калі дзьвесьце гадоў таму на нашыя землі прыйшла расейская акупацыя, новыя ўлады ня сталі разьбірацца ў этымалёгіі і археаграфіі, а перанялі польскі назоў. Адгэтуль узяўся Мінск. Адроджаная Беларусь на пачатку ХХ стагодзьдзя вярнула гораду старое летапіснае імя, якое пражыло ў афіцыйным ужытку дваццаць гадоў. У 1938 годзе выйшла пастанова ўладаў аб замене ў беларускай мове Менску на Мінск. Заўважым, што кошты гэтай акцыі тагачасных кіраўнікоў не хвалявалі — трэба было сьцерці з памяці людзей ненавісную нацыяналістычную форму — Менск. Гэта быў унікальны выпадак у савецкай імпэрыі. Ва ўсіх астатніх выпадках назвы гарадоў мяняліся ў расейскай мове — на нацыянальныя. Так замест Тыфлісу зьявіўся Тбілісі, замест Эрывані — Ерэван, замест Вільна — Вільнюс. У Беларусі адбылося наадварот. За апошняе стагодзьдзе горад моцна зьмяніўся. Шматлікія войны, акупацыі, рэпрэсіі, індустрыялізацыі, урбанізацыі, міграцыі татальна зьмянілі дэмаграфічнае, культурнае, моўнае, архітэктурнае аблічча Менску. Адбылася мутацыя, прадукт якой ужо натуральна завецца Мінскам. І аднак Менск жыве. У апошніх брукаваных вулках, у старасьвецкіх камяніцах, у замшэлых камянях старых могілак, у нашым болю і ў нашай надзеі. Сяргей Шупа
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |