border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Маўзалей

У савецкі час кожны беларус дакладна ведаў сэнс гэтага слова.  Словы Масква, Ленін і маўзалей завучвалі яшчэ ў дзіцячых садках.  Маўзалей тады быў адзіны ў цэлым сьвеце.  Маўзалей — вялікая пахавальня Леніна, дзе ён ляжыць у крышталёвым саркафагу.  Для дзяцей гэта было зразумела — як казка пра заснулую цароўну.

Слова маўзалей мае грэцкае паходжаньне, ім называлі самую вялікую пахавальню элінскага сьвету — цара Маўзола ў Галікарнасе.  Пазьней ад назвы тае спаруды сталі называць усе вялікія пахавальні наогул...

Ленінскі маўзалей пабудавалі беларусы, майстры зь вёскі Грабаўка, што на Гомельшчыне.  Бадай, гэта самы вялікі помнік беларускае народнае творчасьці.  І таму стаўленьне да яго ў беларусаў было асаблівае.  Як пісаў Аркадзь Куляшоў:

Мы не дазволілі халоднаму нябыту
Забраць яго ад нас у вечную імглу,
І не труну, а дом зрабілі мы з граніту
На сотні год, як горнаму арлу.

Беларусы вельмі раўніва пільнавалі, хто і як стаяў падчас парадаў на маўзалеі.  Калі ж на ім паявіўся Брэжнеў, у народзе склалі прыпеўку:

...  Гэта што за Бармалей,
Узьлез да НАС на маўзалей?..

У Менску зьбіраліся нават паставіць і мясцовы маўзалей Леніна, сымбалічны, у якім быў бы музэй...

Пазьней маўзалеямі пачалі гіранічна называць маёнткі партбосаў.  А слова "саркафаг" ужо асацыявалася не з крышталёваю труною, а з Чарнобыльскай АЭС, якую накрылі саркафагам з бэтону.

Сёньня маўзалеем альбо чарнобыльскім саркафагам менчукі называюць змрочную спаруду Палацу Рэспублікі, якая паўстала пасярод сталіцы, акурат там, дзе зьбіраліся паставіць сымбалічны маўзалей Леніна.

Сяргей Харэўскі
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org