RFE/RL |
Маска
Хто цяпер ведае, што французкае лёгкае і вясёлае слоўца насамрэч колісь у арабскай мове гаварыла пра насьміханьне. Пра ўдзельнікаў маскараду гэтак сказаць адпаведна. Кім толькі не бываем у карнавальных вірах, схаваўшыся пад зьвярынай мордай ці яшчэ пад якой мудрагелістай прыдумкай. Але якія кпіны з чалавека ў супрацьгазавай масцы альбо ў масцы мэдычнай? Не пасьмяесься і з маскі, зьнятай зь нябошчыка. Затое хораша і насалодна ўдосталь насьмяяцца, быццам выплюхнуць з душы горыч ды расчараваньне, ў тэатры маскаў. Непазнавальна пазнавальнае, да болю знаёмае аблічча краіны і часу. Аблічча кожнага з нас, чыньнікаў вялікае ды трагічнае драмы беларускага жыцьця. Падаецца часам, што маскі прырасьлі да нашых твараў навечна і сарваць іх анікому не пад сілу. О гэты няспынны, неўтаймаваны маскарад нашага прыстасаванства! якое даўно не ратуе, не засланяе, а ўсяго толькі надае хісткае пэўнасьці што жывем. Прылаўчыліся. Кабеты шпарка мажуць па тварах розную гародніну і садавіну, намагаючыся захаваць маладжавасьць, а мужчынам, прынамсі бальшыні зь іх, найзручней маскавацца пад мужных ды адважных прагна глытнуўшы п’янага зельля. Хаваем, прыніжана хаваем сваю баязьлівасьць і пакору. Божа магутны! Здымі з нас гэтую агідлую маску, другое ж тысячагодзьдзе падступае – дзея драмы зьмяняецца. Старыя дэкарацыі і маскі струхлелі… Антаніна Хатэнка
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |