RFE/RL |
Марыянэтка
Італьянец Марыёні, які калісьці змайстраваў ляльку для паказу тэатральнае дзеі, наўрад ці марыў патрапіць у беларускую штодзённую рэчаіснасьць. Аднак жа. Хто з нас, спадарове, у маленстве ня цешыўся з марыянэткавага тэатру? О, якім цудам здаваліся нам усе гэтыя Пятрушкі, Кашчэі ды Смокі Гарынавічы. І хто б гэта думаў тады, што тыя марыянэткавыя пэрсананжы мы пазнаем пасьля ў асобах зусім не тэатральнага кшталту? Менск, вечар, спэктакаль закончаны, лялькі-марыянэткі спачываюць да іншага разу, патухаюць вагні Менскага лялечнага тэатру. Але доўга яшчэ сьвецяцца вокны ў доме, што па іроніі лёсу месьціцца акурат насупраць. І хоць гэтая спаруда з надпісам “Адміністрацыя прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь” нічым не нагадвае пра сваю прыналежнасьць да тэатральнага сьвету, ды ў сьценах ягоных вось ужо які год ладзіцца ці ня самы абсурдовы марыянэткавы спэктакаль стагодзьдзя. І доўжыцца дзея, і марыянэткавая пляміста-шэрая варта сустракае марыянэткавае аўто, і марыянэткі-людзі прамаўляюць не свае словы, робячы ўсё так, як загадаюць ім дачасу нябачныя крамлёска-лубянскія лялькаводы. І хоць галоўная марыянэтка і сама ўжо не свая, аднак марыянэткавыя крытыкі штодня ўсхваляюць гэты пэрсанаж у марыянэткавай прэсе, а марыянэткавая тэлевізія бясконца цягне аднастайны сэрыял, што невыносна надакучыў напоўпрытомным гледачам. Ды колькі б не цягнуўся гэты спэктакаль, а фінал усё ж немінучы. І запаліцца сьвятло, і палягуць у свае скрыні нашыя марыянэткі, і ўбачыць сьвет таемных лялкаводаў і шчодра адорыць іх сьвістам, пратухлымі яйкамі ды гнілымі памідорамі. Рыгор Сітніца
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |