RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Марозіва
Замарожаны дэсэрт -- марозіва -- вынайшлі ў Кітаі. І адбылося гэта за 2000 гадоў да Хрыстовага нараджэньня. Якраз тады пачалі кітайскія сяляне даіць свойскую жывёлу -- найважнейшы кампанэнт марозіва быў забясьпечаны. Новы прадукт упадабалі імпэратары Кітаю. Хронікі данесьлі да нас зьвесткі пра паляваньні велічнага Нэрона -- і там на сталох было ўжо марозіва. У ХVII стагодзьдзі сваім марозівам славілася Венэцыя, у ХVIІІ-м яго завезьлі ўв Амэрыку. Гатуючы яго тады, малако, цукар, яйкі ды ўсялякія прысмакі, зьбіралі ў ёмістасьць, абкружаную мешанінаю лёду і буйназярністае солі. І чакалі, пакуль не ўтворыцца аднародная маса. У Беларусі марозіва пачало прыжывацца зь мінулага стагодзьдзя. Называлі яго па-рознаму, прыкладам, на польскі лад -- лёды, або на расейскі -- марожанае. Былі вось марожанае мяса або рыба марожаная, а тут паявілася проста марожанае. Таму рупіліся з пачатку гэтага стагодзьдзя моватворцы беларускія пра свой, не чужы, назоў. І ў выніку, як былі ў нашай мове малодзіва з прадзівам, так паявілася ў спадзейныя 20-я гады марозіва. Любіў гэтае слова Максім Гарэцкі. Зьявіліся і іншыя беларускія словы абазначыць усё болей і болей ведамы ў нас ласунак. На чэскі ўзор Вацлаў Ластоўскі выштукаваў зморазь, а Янка Станкевіч без усякіх узораў у традыцыйнай сваёй самачыннасьці пашыраў варыянт мярзьлёнка. Прыжылося пакуль збольшага толькі марозіва. За савецкім часам, з аўтаматызацыяй малочнае прамысловасьці, марозіва трывала асвоілася сьпярша ў большых гарадох, а тады і ў меншых. Карані пусьціла сетка кафэ-марозіваў. Пра адно з такіх пісаў некалі ў лірычных запісах Янка Брыль. Марозіва прападае без маразільніка. таму зь вёскаю было іначай. Вяскоўцы частаваліся марозівам, як выяжджалі ў месты, калі грошы й час заставаліся. Нехта любіў, а хто і ня вельмі. У нашыя дні ў гарадзкіх крамах прадаюць марозіва сваё і прывезенае. Першае ведама ж -- таньнейшае, яго пераважна й купляюць. Сярод назоваў марозіва я заўважыў, нарэшце, днямі нацыянальны -- менскае эскімо. Шкада толькі, што на абгортках марозіва не прынята ў Беларусі пісаць па-беларуску. Юрась Бушлякоў
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |