border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Макулатура

Макулатура - гэта скарыстаная i прызначаная для перапрацоўкi папяровая прадукцыя.  Старыя газэты, непатрэбныя кнiгi, ведамасьцi, сшыткi, абгорткi часам зьбiраюцца ў стосы, перавязваюцца вяроўкай i здаюцца - на макулатуру.  Кабета-прыёмшчыца ставiць вашыя пакункi на вагi i, падлiчыўшы на костках, расплочваецца грашыма або нейкiмi гаспадарчымi рэчамi, напрыклад, туалетнай паперай.

Кожны, каму даводзiлася быць у савецкiх пiянэрах i школьнiках, ведае, што такое збор макулатуры - сапраўднае сацыялiстычнае спаборнiцтва памiж клясамi за тое, хто здасьць болей, калi дзеля перамогi ў пакункi старых часопiсаў вязалiся нават лепшыя тамы з бацькоўскай бiблiятэкi.  Самыя важкiя былi, натуральна, энцыкляпэдычныя тамы.  I ўсё дзеля чаго?  Для хуткаплыннае славы - нейкай ганаровай граматы, якую са зьменаю пакаленьняў чакаў той самы макулатурны лёс.

А што было ў тых пыльных i брудных школьных падвалах, куды па першым часе звальвалi ўвесь плён сацыялiстычнага спаборнiцтва!  Там, у велiзарных папяровых развалах абавязкова корпалiся некалькi постацяў зь лiку кнiжных фанатыкаў, зьбiральнiкаў карцiнак на розныя тэмы ды проста аматараў выпадковых знаходак.  I знаходкi траплялiся.  Сярод тонаў сшарэлых "правд" i "известий" абавязкова трапляўся надзвычай прыгожы глянцаваны часопiс "Америка", якi тут жа ўпускаў цябе ў абсалютна iншы сьвет чыстых фарбаў i адкрытых пачуцьцяў.  Зрэшты, i леташняя "Техника молодежи" зь цiкавым артыкулам пра вечны рухавiк магла здаволiць цiкаўнасьць сьледапыта...

Колiшнiя друкаваныя i пiсаныя паперы становяцца макулатурай па-рознаму.  Iншы раз гэта залежыць ад характару чалавека.  Ёсьць такiя людзi, што ўсё жыцьцё захоўваюць любую паперку.  Распавядаюць, што такiм быў Адам Багдановiч, бацька славутага паэта.  Ён нiбыта перахоўваў у асабiстым архiве кожную аптэчную квiтанцыю.  Сапраўды, хто ведае, калi, каму i наколькi спатрэбiцца нават ваш скасаваны тралейбусны квiток.  Уявiце, што вам у рукi патрапiла штосьцi падобнае з часоў эгiпэцкiх фараонаў цi хоць бы сярэднявечных рыцараў.  Такому прабiтаму квiтку просты шлях або ў музэй, або на аўкцыён.

Але найчасьцей колiшнiя выданьнi робiць макулатурай час.  Праўда, i тут ёсьць свае тонкасьцi.  Многiя выданьнi, якiм удалося перажыць папяровую перапрацоўку, пасьля рабiлiся бiблiяграфiчнай рэдкасьцю або нават кнiжнымi помнiкамi.

Яшчэ адзiн спосаб для кнiгi i часопiса стаць макулатурай - гэта састарэць зьместам.  Варта ўзяць у рукi кнiгi савецкiх iдэолягаў 30-х гадоў або матэрыялы XXIV зьезду КПСС, каб зразумець, што дух гiсторыi так i не завёўся ў iх.  Падобна, што сёньня многiя беларускiя гуманiтарыi, парадкуючы свае бiблiятэкi, раз-пораз разгортваюць тую або iншую кнiжку, якая колiць чыталася або набывалася з адчуваньнем здабытку, i...  Вочы прабягаюць абзац-другi, i томiк, якi ўжо ня мае нiякага дачыненьня анi да нашага часу, анi да ўяўленьняў гаспадара, адпраўляецца ў макулатурны стос.

Сяргей Дубавец
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org