RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Майстроўня
У адрозьненьне ад майстэрні, майстроўня напоўненая выразна паэтычным, узвышаным зьместам. Яна - ня месца, дзе працуе майстра, яна - цэх майстроў, яна - творчае атэлье, у якім калі й забіваюць цьвікі, то цьвікі гэтыя - нематэрыяльныя. Майстроўня, зафіксаваная ці ня ўсімі слоўнікамі пачатку стагодзьдзя, на канец савецкай эпохі была цалкам выціснутая майстэрняй. Да пачатку 80-ых гадоў ейнае йснаваньне трымалася хіба толькі на эміграцыйных выданьнях. Новае жыцьцё слову надаў паўлегальны студэнцкі рух у справе адраджэньня Беларушчыны. Якраз легальная частка руху і была аб'яднаная ў «Беларускую Сьпеўна-Драматычную Майстроўню», якая ладзіла фальклёрныя сьвяты, вяла асьветніцкую працу. Гонар адраджэньня слова майстроўня належыць тагачаснай студэнтцы філфаку БДУ Ірыне Крук, якая знайшла гэтае слова ў «Беларускай Драматычнай Майстроўні» - аматарскай тэатральнай студыі, што йснавала ў Вільні ад 1922 да 1925 году, папулярызавала нацыянальную тэатральную культуру ды спыніла сваё йснаваньне ў выніку рэпрэсіяў з боку польскіх уладаў, а таксама праз матэрыяльныя цяжкасьці. Сярод кіраўнікоў віленскай майстроўні - імёны Арсеня Канчэўскага і Леапольда Родзевіча. Майстроўня 80-ых таксама зазнала на сабе перасьлед, цяпер ужо савецкіх уладаў, якія нават у самім слове майстроўня бачылі прыкметы нядобранадзейнасьці. У адрозьненьне ад «добранадзейнай» майстэрні, майстроўня, дзякуючы нязвыкламу суфіксу -оў, рабілася падазронай - больш беларускай. Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |