RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Лука
Лука -- гэта выгiн, згіб, паварот пакручастай ракi. Са старых часоў з лукой i лукаўствам у розных народаў зьвязвалiся паняцьцi хiтрасьцi, падману й махлярства. Але ня толькi. Напрыклад, у беларускай мове слова "лукавіць" увогуле няма, затое "лука" спаконвеку ўжывалася ў iншым, станоўчым значэньнi. На павароце пакручастай ракi звычайна ўтвараецца залiўная нiзiнка, лужок, лукавіна. Ад прадзедаў i да сёньня на гэтых лужках беларускiя вясковыя жанчыны ладзяць увесну карагоды або таночкі, сьпяваючы песьню пра луку. "Ой лука ж мая, лука, чаму, лука, ды ня зелена". Такi абрад называецца "вадзiць луку". Адсюль паўстае вельмi важная роля слова-асновы "лука" ў беларускай мове. Бо карагод -- гэта лучнасьць, злучэньне, адзiнства. Верагодна, што такi сэнс зафiксаваўся i ў нашых геаграфiчных назвах. Згадаем раку Случ, ад назвы якой паходзiць iмя гораду Слуцку. Ужываецца гэтае слова і ў анатоміі ды заалёгіі. Памятаю перадавіцу ў даваеннай слуцкай раёнцы: "Ударна правядзём злучку кныроў!" Паралельна ў беларускай мове жыло, разьвiвалася й пускала свае адгалiнаваньнi iмя ўласнае Лука, якое прыйшло да нас з хрысьцiянствам як iмя эвангелiста Лукi. Праўда, даўнiя беларусы адразу адаптавалi Луку ў Лукаша. Гэтак, напрыклад, зваўся бацька Францiшка Скарыны. У мiнулым стагодзьдзi расейскі паэт Баркоў напісаў знакамітую эратычную паэму "Лука Мудзiшчаў", якую ня так даўно ў нас перастварылі ў ананімную палітычную сатыру "Лука Мудзішчаў -- прэзыдэнт". У 1930-я гады Лукаш Бэндэ праводзiў у беларускай лiтаратуры сталiнскую палiтыку, адным з вынiкаў якой стаў расстрэл 2 кастрычнiка 1937 году таленавiтага 28-гадовага празаiка Лукаша Калюгi. Бадай з тых часоў імя Лука або Лукаш страціла ў нас сваю папулярнасьць. Хлопчыкаў так ужо не называлі і пакуль што не называюць. Затое iмя-аснова Лукаш сёньня часта гучыць у прозьвішчах беларускай эліты ад журналістыкі, шоў-бізнэсу, акадэмічнай навукі, палітыкі... Лукашэвiчы, Лукашукi і Лукашыкі, Лукашовы, Лукашанцы... Пасьля прыходу да ўлады першага прэзыдэнта Рэспублiкi Беларусi слова "лука", зрабiўшы свой пакручасты гістарычны шлях ад беларускага фальклёру вясковага, вярнулася ў фальклёр гарадзкi, вулiчны. "Луку на муку!" - скандуюць дэманстранты падчас апазыцыйных мерапрыемстваў. Тое, што сымбалiзавала лучнасьць людзей мiжсобку i са сваёй зямлёй, сёньня стала вобразам таго, што разлучае й сымбалiзуе аўтарытарнае беларускае кiраўнiцтва, якое ня любiць Беларусь. З двух стараславянскiх вытворных ад лукі -- лучнасьці i лукаўства -- сёньня ў Беларусi запанавала другое. Дарэчы, блiзкае паходжаньнем да лукi i слова лук. Лук -- вядомая старажытная зброя, якую сёньня часта вырабляюць сабе беларускiя хлопчыкi, калi гуляюць у рыцараў. Сяргей Дубавец
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |