border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Лёс

Падзеі, якія адбываюцца незалежна ад волі чалавека, зьбег акалічнасьцяў, далейшае існаваньне, будучыня і разьвіцьцё чаго-небудзь у нашай мове абазначаюцца запазычаным зь нямецкай словам лёс, якое было яшчэ ў старабеларускай мове.  Там апрача згаданых значэньняў яно азначала і паперку з нумарам, якую выцягваюць у часе лёсаваньня.  Сёньня гэтыя словы замененыя на жэрабя і жараб'ёўку.  На Іўеўшчыне слова лёс абазначае таксама вузкі пралаз у плоце, сьцяне зарасьцях і гэтак далей.

Лёсы на кій мераць -- рабіць выбар.  Лёсы зробленыя -- выбар які адбыўся.  Іронія лёсу, воля лёсу.

Вытворныя: лёсавы, лёсны, лёсаваць, лёсіць, залёсіць.

У ХХ стагодзьдзі слова лёс асабліва актывізавалася ў выразах: лёс Радзімы, лёс дэмакратыі, лёс народу.

У дачыненьні да Беларусі ўсе гэтыя выразы вымагаюць пашырэньня пры дапамозе слова незайздросны.

Эпоха перабудовы абудзіла ў беларускай мове калькаванага з расейскай монстра: лёсаносны, які мусіў бы гучаць у нас як, лёсавызначальны.  Хаця й перад тым ня йнакш як лёсаноснымі былі зьезды КПСС, пастановы партыі і ўраду, новабудоўлі, адкрыцьці, посьпехі ў сацыялістычным будаўніцтве, у выплаўцы сталі на душу насельніцтва, і ў колькасьці засеяных ды выпаланых піянэрамі сотак.

Тым часам праз усё стагодзьдзе лёсы лепшых людзей нацыі клаліся на ахвярнік лёсу Радзімы.  Але ніколі яшчэ ў найноўшай гісторыі лёс Беларусі не апынаўся ў руках тых, хто сапраўды дбае пра краіну, дбае пра ейную будучыню.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org