RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Ліхтар.
Ліхтарні блеск адкрыў на ліпе россып росаў... Вось так, на пачатку стагодзьдзя (з-пад пяра Максіма Багдановіча) ліхтарнямі і асфальтам, партавымі агнямі Лібавы і рамізьнікамі ўрывалася ў беларускую паэзію тэма места. Ліхтарні, ліхтаркі, ці ліхтары сталіся проціпастаўленьнем лучыне, лямпе, і, нават, чаканьню, што загляне сонца і ў наша ваконца. Яны ўжо на пачатку 20 стагодзьдзя намагаліся вырваць нашыя мястэчкі з фізычнага, а літаратуру зь вясковага безпрасьвецьця... Слова ліхтар прыйшло да нас зь нямецкай мовы дзе яно азначала прыладу на якую ставяць сьвечку - сьвечнік, альбо як цяпер кажуць: падсьвечнік. У некаторых паэтаў ліхтары і ліхтарні ператварыліся ў лятарні-маякі. Высокі стыль аб'яднаў сьвятло й палёт. У 70 гадах у Наваполацку група студэнтаў мясцовага інстытуту выдавала непадцэнзурны рукапісны часопіс "Блакітны ліхтар Максіма Багдановіча". За гэта выдаўцы досыць хутка пазнаёміліся з КГБ. Напрыканцы стагодзьдзя ліхтары сталіся ўлюбёным аб'ектам местачковых хуліганаў, якія не прапускалі зручнага моманту запусьціць у ліхтар камянём. Згаданае: загляне сонца і ў наша ваконца зьмянілася цьвёрдым: "Цемната - друг маладзёжы". Адзіным сьвятлом у гэтай цемры сталіся "ліхтары ў выглядзе крывападцёкаў пад вачыма падлеткаў. Атрыманыя ў бойках, яны почасту зьяўляліся адзнакамі асабістага гонару. Гэта быў пачатак дэградацыі маладых беларусаў, якім усё - ад уласнага жыцьця да жыцьця Айчыны -- было "да ліхтара". Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |