border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Аўталаўка

Аўталаўка -- стары жалезны фургон, у якім развозяць спажывецкія тавары паўсядзённага попыту, хлеб, гарэлку й мыла. Часам да гэтага набору дадаецца мацаваныя пладова-ягадныя віны, цукар, соль, крупы, печыва й цукеркі (чамусьці заўсёды нясьвежыя)... Аўталаўка -- надзея на хлеб. Жалезны фургон імкне туды, дзе ўжо не пякуць свайго... Цёплы хлеб, цёплыя цукеркі, цёплая гарэлка. Горш зімою. Аўталаўка не ўсюдаход, з-за сьнегу можа і не прыехаць.

Гэтае слова паходзіць з расейшчыны. Аўтамабіль плюс лаўка. Ня блытаць з лаваю! Лаўка -- па-расейску крама. Аднак назваць аўталаўку крамай альбо хоць магазынам, беларускі язык не паварочваецца. Крама слова паважнае. А аўталаўка -- гэта прыкрая непазьбежнасьць. Паўмашына, паўгандаль, паўтавар... Аўталаўка -- элемэнт сацыяльнага разьмеркаваньня. Адна з падпоркаў калгаснае сыстэмы. Прыдзе -- будзе хлеб, не прыедзе... Як і ў тайзе. Аднак у адрозьненьні ад жыхароў тайгі ў беларусаў была альтэрнатыва. Млыны, крамы, корчмы... Іх былыя гаспадары адправіліся на Ўсход, а з Усходу прыехала аўталаўка.

Раней аўталаўка была часткаю савецкае сыстэмы нарыхтовак сыравіны. Сяляне нарыхтоўвалі  сала,  масла,  воўну, атрымоўваючы наўзамен з аўталаўкі такую-сякую савецкую ежу. У 50-я можна было прыдбаць кітовага мяса, а ў 80-я -- канцэнтраваных супоў. Пазьней нарыхтоўшчыкі зьбіралі анучы і косткі. Пазьней -- жалезьзе, якое тонамі ўжо ржавела на нашых палетках. Пазьней -- садавіну, зь якое гналі мацаваныя напоі і... прывозілі садаводам назад у аўталаўцы. Цяпер даўно няма тое сыстэмы. Нікому не здасі лішкі воўны ці яблыкаў. Затое засталася аўталаўка.

Будуць каціцца па вясковых дарогах мурзатыя фургоны. Аўталаўкі. Бязь іх ніяк. Пакуль няма млыноў, крамаў ды корчмаў...

Сяргей Харэўскі
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org