RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Лапці

Лапці – рэч сымбалічна-сэнтымэнтальная. Савецкая эпоха абула нашую гісторыю ў лапці, а беларуская інтэлігенцыя абула ў іх сваю любоў да народу.

“А што яны нясуць на руках у крыві, на нагах у лапцях?” – выгукнуў на пачатку стагодзьдзя Купала і ўвёў лапаць у шэраг адметнасьцяў беларуса. Але ўжо ў сярэдзіне стагодзьдзя адзін з гэрояў коласавай “Дрыгвы” Марка Балук крычыць: “Стой! Лапаць ськінуўся!” Гэтыя словы – пароль, пасьля якога пачынаецца кароткая сутычка арыштаваных з канвоем. Зброя апошніх пераходзіць у рукі першых. Гэта – пачатак барацьбы…

З паходжаньня слова лапаць – радня лапіка. Можа таму мы імкнемся залапіць лапцем нашае невуцтва, нашую няведу саміх сябе. Лапаць як паказальнік беднасьці робіць лапатнай гістарычную сьвядомасьць.

Між тым гэты абутак быў тыповым толькі ў некаторых рэгіёнах Беларусі і не таму, што там буяла беднасьць, а таму, што выцягнуўшы нагу з балота, лапаць ня трэба было здымаць, каб выліць ваду.

Абуць у лапці. На лапці не аб’ехаць. Плесьці кашалі з лапцямі. Лапаць знай лапця, а бот – бота, – выразы добра вядомыя, але, як і сам плецены з лыка лапаць, мала ўжывальныя. Куды часьцей ужываліся пасталы – з тоўстага скурата, копсьці – са скуры поўсьцю ў сярэдзіну, ці падшытыя скурай лабакі. Паводле спосабу вытворчасьці яны таксама лапці, паводле матэрыялу – не.
Польскае слова лапці – запазычанае зь беларускай, украінскай і расейскай – у кожнага свае, чэскае – магчыма з польскай.

Найбольш пашыраныя вытворныя – лапцюжнік, лапцюжны, лапцяваты – усе яны азначаюць бедны, нязграбны, непрывабны, адсталы.

На прыканцы стагодзьдзя Беларусь які ўжо раз наблізілася да лапцюжнасьці. Можа гэтая акалічнасьць абудзіць зь нябыту згаданы заклік да свабоды: “Стой! Лапаць ськінуўся!?”

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org