RFE/RL |
Лябірынт
Лябірынт -- знакавае слова беларускае культуры. Цягам стагодзьдзяў беларусы ратавалі ў нябачных чужынскаму воку сховах мову, звычаі, памяць. Старажытную беларускую цывілізацыю, схаваную ад захопнікаў у полацкіх лёхах, паказаў у сваёй фантастычнай аповесьці "Лябірынты" Вацлаў Ластоўскі. Слова лябірынт прыйшло да нас з антычнасьці. У грэцкай міталёгіі Лябірынтам называлася збудаваная на востраве Крыт грандыёзная спаруда з заблытанымі хадамі, адкуль аніхто ня мог выбрацца. У Лябірынту жыла крыважэрная пачвара -- чалавека-бык Мінатаўр, якому аддавалі на разарваньне маладых афінянаў. Першым, хто выбавіўся зь Лябірынту, быў пераможца Мінатаўра Тэзей, якому дапамог клубок нітак, падараваны герою закаханай у яго Арыяднай. Беларусь мае свае лябірынты. І легендарныя, і мэтафарычныя, і цалкам рэальныя. Найславуцейшы зь іх -- Полацкі -- разгалінаваная сыстэма падземных хадоў-лёхаў, якая ў сярэднявеччы злучала гарадзкія манастыры й храмы. Магчыма, менавіта там, у Полацкім лябірынту ў гады Інфлянцкае вайны зьнікла славутая Полацкая бібліятэка зь кнігамі, пісанымі рукою самой Эўфрасіньні. Можа, якраз у гэтых таямнічых лёхах некалі знойдзецца неацэнны Полацкі летапіс. Існуе вэрсія, згодна зь якой у 1941 годзе зьнікла толькі копія нашае нацыянальнае сьвятыні -- крыжа Лазара Богшы. А арыгінал таксама трэба шукаць у полацкіх сутарэньнях. Цяперашняя ўлада асуджае беларускую культуру зноў на напалову падпольнае існаваньне, заганяючы яе ў сутарэньні. Ужо каторы год краіна блукае ў лябірынту, шукаючы зь яго выйсьця ў ХХІ стагодзьдзе. Уладзімер Арлоў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |