RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Курорт
«Еду на курорт», «быў на курорце» — гэтыя словы рэдка каму за савецкім часам удавалася вымавіць без інтанацыяў гродасьці за сябе і нейкай асаблівай значнасьці, хоць бы ва ўласных вачах. Слова гэтае нямецкага паходжаньня (Kurort літаральна азначае «месца лячэньня»). Да паездкі на курорт рыхтаваліся, як да вясельля — пасьлядоўна і цэлы год. Зьбіралі грошы, шыкавалі строі «на выхад» — каб было ў чым прайсьціся ўвечары на набярэжнай — сябе паказаць, на іншых паўзірацца. Каб усё было ня горш, як гаворыцца, чым у людзей. Пры словах Ялта, Сочы альбо Алушта мроілася бестурботнае таварыства курортнікаў-хаўрусьнікаў, ласкавае, бясконцае мора, бясхмарнае неба, пальмы, мноства смачнага таннага віна, экзатычная садавіна. Ну і, зразумела, шпаркія і салодкія заляцаньні, пацалункі пад месяцам і любосныя перамогі. Бяз бою... А пад канец — абмен адрасамі, абяцанкі пісаць і расстаньні бязь сьлёзаў і ўзаемных папрокаў. Курортнікі дзяліліся на так званых «арганізаваных» — тых, хто прыехаў, часьцей за ўсё, на пуцёўку ад прафкаму — і на «дзікусаў». Арганізаваныя жылі ў санаторыях альбо пансіянатах — старанна наведвалі розныя водныя альбо гразевыя працэдуры, карацей — папраўлялі, як кажуць, здароўе. «Дзікусамі» называлі тых, хто здымаў за рубель-паўтара на суткі ложак дзе-небудзь у альтанцы, павеці альбо нават на паддашку. А то й непадалёк ад прыбіральні. Такі курортнік выстойваў даўжэзныя чэргі ў сталоўку па сумна вядомыя катлеты з макаронамі, якія ні выглядам ні смакам не нагадвалі ні першага ні другога, але на жыцьцё не наракаў. Ён жа быў «на курорце»! Вось толькі раз-пораз тачыў «дзікуса» чарвяк непакою — як «дастаць» (хоць бы зь пераплатай) білет на зваротны шлях і на час патрапіць дадому. Заводзілі карысныя знаёмствы, шукалі «блат»... і знаходзілі. Успамін пра наведаньне курорту нярэдка заставаўся адным з самых моцных уражаньняў усяго жыцьця, у адным шэрагу зь першым каханьнем, службай у войску альбо, безь перабольшаньня, зь вяртаньнем з фронту. «Вось калі я быў на курорце...», — пачынаў часьцяком мой цесьць-вэтэран знаёмую ўсім нам распавяданку-хвальбу, як яму, інваліду вайны, аднойчы далі «гарашчую» — гэта значыць нікім своечасова не набытую пуцёўку на курорт... Далі, між іншым, бясплатна... Даніл Альпяровіч
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |