border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Купальле

Начное сьвята, калі ночы амаль няма. Cонца  хаваецца на захадзе, каб праз некалькі гадзінаў выплыць на ўсходзе. Сонцастаяньне.

Празрысты нібы раса і таямнічы нібы туман запавет.

Слова губляецца ў глыбіні тысячагодзьдзяў. Прастадушны немец Макс Фасмэр піша, што ў гэты дзень  дазвалялася купацца – адсюль і Купала. Больш асьцярожныя дасьледчыкі выводзілі Купалу  ад  Яна Хрысьціцеля – маўляў, гэта пераклад са старагрэцкай. Аднак дахрысьціянская значэньне Купалы дагэтуль існуе, напрыклад, на Палесьсі – вогнішча, агонь, гарэць, ачышчаць агнём. Суфікс “ла” сьведчыць пра анімізацыю назвы – Купала ня толькі агонь, але і дух агню.

Паўлюк Урбан, беларускі гісторык, які жыве ў Нямеччыне,  выказвае здагадку, што Купала прыйшоў на Беларусь  са старажытнай Індыі.  Бог Крышна  меў яшчэ прозьвішча “Гопала”: “го” – карова, “пала” – абаронца,  абаронца кароў.

У цёплую летнюю ноч Крышна сустракаўся з пастушкамі, калі тыя, аздобленыя вянкамі, марылі знайсьці жаніха, пасланага богам. Гэтыя прыкметы можна адшукаць у абрадах беларускага купальля.
У 30-я гады гэтага стагодзьдзя адна зь віленскх газэтаў надрукавала абвестку: “Паколькі на Купальле чакаецца дождж, просім паненак і паноў  беларускіх ахвіцэраў апранацца цяплей”. Аднак надвор”е не перашкодзіла паненкам і панам імгненна паскідаць зь сябе апранахі  той ноччу.

У сярэдзіне 80-х у Мікалаеўшчыне Купальле сьвяткавала моладзь зь бел-чырвон- белымі адзнакамі на вопратцы: тры тузіны чалавек былі затрыманыя мясцовым КГБ і міліцыяй. Чэкісты спрабавалі арыштаваць Бога Крышну. Богі  ня любяць, калі ім спрабуюць надзець наручнікі. Агонь Купалы сёньня ўсюды, дзе Беларусь.

Аляксандр Лукашук
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org