RFE/RL |
Крыўда
Крыўда сядзела сабе ціха ў запеччы, пакуль аднойчы, у 1905 годзе, беларускія мужыкі зь верша Янкі Купалы ня згрэблі яе ў торбу і не панесьлі на худых плячох у сьвет цэлы. З тых часоў яны заўсёды разам і заўсёды ў дарозе – беларускія мужыкі і крыўда. Крыўда абяцала вызваленьне, вабіла вызваленьнем-расплатай. Крыўда сапраўды вызваляла. Напачатку ад паноў і прыгнёту (назавем гэта вызваленьнем сацыяльным), потым ад радзімы і мовы ў выніку ўрбанізацыі, і, нарэшце, вызваліла беларускіх мужыкоў ад іх саміх. Напрыканцы стагодзьдзя праект крыўдлівага вызваленьня скончыўся. Самы час спыніцца і агледзецца, адкінуць крыўду разам зь бядой і доляй. Час – узьняць, нарэшце, на свае худыя плечы праўду і волю, і ўжо нікуды больш не ісьці. Напрыканцы стагодзьдзя пакрыўджаныя мужыкі зь верша Янкі Купалы са зьдзіўленьнем і скрухай пытаюцца: “Дзе ж мой дом, дзе мой люд, дзе Айчызна мая?” Ігар Бабкоў
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |