RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Крупнік

Шклянка мёду, шклянка вады, паўлітру сьпірытусу, чвэрць мушкатовае галкі, крышку ваніліну, лот цынамону, пару гвазьдзікоў, цытрынавая скурка, а яшчэ розныя зёлкі ў залежнасьці ад густаў аўтара. Паводле вызначанай тэхналёгіі праз гадзіну з усяго гэтага ў вас мусіць атрымацца крупнік.

Пры слове крупнік бальшыня беларусаў уяўляе сабе міску варыва, якое нашыя продкі хутчэй назвалі б крупеняй.

Традыцыйна ж крупнікам лічыўся апісаны алькагольны напой.

Характэрныя рысы слушна згатаванага крупніку: моцнасьць у межах 40 градусаў, прыемны смак і непатрэбнасьць закускі. Крупнік п’ецца гарачым, ён, ув адрозьненьні ад гарэлкі, ня выклікае нэгатыўных эмоцыяў ані перад тым, ані пасьля. Ён найбольш адбірае ў чалавека ногі, а розум пакідае чыстым і язык гнуткім. Складанасьць гатаваньня напою прывяла да таго, што Беларусы ахвяравалі розумам і языком ды дапалі да гарэлкі.

Паводле мавазнаўцаў, слова крупнік, у тым самым значэньні, ужываецца ў Польшчы і на Ўкраіне, але цэнтар распаўсюджаньня слова прыпадае на Беларусь.

На прыканцы гэтага стагодзьдзя, разам з нацыянальным адраджэньнем пачала адраджацца і традыцыя гатаваньня крупніку. Былі адшуканыя старыя рэцэпты і моладзь у розных канцах Беларусі пачала экспэрымэнтаваць. Да традыцыйных складовых яна дадавала мяйсцовыя. У выніку полацкі крупнік адрозьніваецца ад гарадзенскага або менскага. На аснове менскага крупніку менчукі пачалі гатаваць яшчэ адзін напой – жыжаль, а на аснове полацкага, у купальскую ноч, гатуюць мяйсцовы паганскі напой – Чорны Сыс. Нацыянальная інтэлегэнцыя шануе крупнік.

І ўсё ж працэс адраджэньня крупніку апошнім часам пайшоў на спад. Найбольш вінаватая ў гэтым эканамічная сытуацыя, якая ня толькі зрабіла крупнік дарагой раскошай, а і нагадала аматарам гэтага напою, што цяпер мець толькі галаву – замала. Моцныя ногі таксама вартасьць.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org