border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Красоўкі

Паводле народнай этымалёгіі слова красоўкі паходзіць ад расейскага красівы – прыгожы. На самрэч назва красоўкі абавязаная сваім паходжаньнем слову крос – спартовы бег ці гонкі па перасечанай мясцовасьці зь пераадоленьнем перашкодаў.

Красоўкі прыйшлі ў жыцьцё беларусаў на зьмену кедам недзе на пачатку 80-х. Як і кожная добрая рэч у савецкія часы красоўкі адразу сталі дэфіцытам. Колькі кросаў прабегла моладзь у пошуках гэтага тавару. Колькі стаптала старых красовак, каб набыць новыя. Дэфіцытнасьць красовак падвысіла іхны статус і шчасьлівы ўладальнік абутку нават у страшным сьне ня мог сабе ўявіць што гэтыя зручныя чаравікі трэба ўжываць на перасечанай мясцовасьці. У красоўках ішлі на дыскатэкі і ў рэстараны, у красоўках бралі шлюб, прыходзілі ў габінэты да высокага начальства, карацей – у красоўках жылі. Красоўкі сталіся сымболем гонару й падставамі для выхваленьняў падлеткаў адно перад адным:
– У цябе якой фірмы?
– А ў мяне: такой…
Тыповы дыялёг у маладзёвых колах.

Прывід свабоднага рынку ў Беларусі прынёс у прыватныя гандлёвыя кропкі процьму красовак. Цяпер дэфіцытам сталіся грошы, за якія гэтыя красоўкі можна набыць. І ўсё ж, іх набываюць. Яны прыгожыя, трывалыя і ўтульныя. Шкада толькі, што ўв адных красоўках цывілізаванага сьвету не дагоніш. Тут трэба і красоўкі і да красовак, а нам – яшчэ й па перасечанай мясцовасьці.

Гэткім чынам, наш Беларускі крос да люцкага жыцьця, які доўжыцца ўжо не адзін дзясятак гадоў, насамрэч, паводле сучасных законаў жыцьця цывілізаванага грамацтва, яшчэ й не пачаўся… Але крос – працягваецца.

Сяржук Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org