border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Комплекс

Ёсьць словы, якія літаральна запаланілі беларускую мову ў апошнія два-тры дзясяткі гадоў.  Ня тое што пустазельле, але й не жывыя.  Вымаўляючы іх, нібы жуеш цэляфан.  Адно скрыпіць.  Можа, дзеля гэтага свайго трэску ды скрыпу і прыйшлі яны спачатку ў траскучыя начальніцкія прамовы, а пасьля і ў жывое маўленьне.  Вось, да прыкладу, слова комплекс

Яго можна ўставіць у любую фразу, бо, лацінскае з паходжаньня, яно перакладаецца як сувязь або сукупнасьць.  А сукупнасьць — яна паўсюль.  Толькі вось казаць пра сукупнасьць прадуктаў у краме, або сукупнасьць дзеяньняў па прыборцы кватэры язык не паварочваецца.  І тут прыходзіць на дапамогу комплекс.  Комплекс належыць не да словаў са значэньнем, а да словаў са значнасьцю — як тая фігура ўплыву сярод людзей.  А пакольку за савецкім часам уся ўвага надавалася не значэньню прамоўленага і зробленага, а менавіта значнасьці, дык цэляфанавае слова комплекс надзвычай прыйшлося да роту. 

Сьвінарнікі ператварыліся ў сьвінакомлексы, захады — у комплекс мерапрыемстваў, сталі комплекснымі лячэньне і абеды.  Мы аглядалі мэмарыяльныя комплексы, а пасьля кіраваліся да комплексаў спартовых.  Нават зьняволеныя пачалі адчуваць комплекс віны.  Гэтак моўная сынтэтыка паступова зьмяншала наш слоўнікавы запас да дзясятку штампаў, у якіх каралём выступаў комплекс.  Тады і загаварылі пра комплекс непаўнавартасьці, які пазьней назавуць комплексам саўка... 

Комплекс служыў ілжывай прапагандзе і самападпану.  У звычайнай мове гэтае слова — штучнае, несапраўднае.  І ўжываньне ягонае доўжыцца датуль, дакуль мы ахвочыя падманваць сябе ды іншых.  А пасьля...  На такі выпадак у беларускай мове ёсьць устойлівы выраз: пазбавіцца комплексаў.

Сяргей Дубавец
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org