RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
КОК-САГЫЗ
Нават тлумачальны пяцітамовік беларускай мовы ў артыкуле пра кок-сагыз пасьля азначэньня, што гэта "шматгадовая травяністая каўчуканосная расьліна сямейства складанакветных" і дадатку, што слова цюркскае, не падае далей аніводнага прыкладу. Няма ў выданьні і такіх характэрных для ягонага стылю вытворных, напрыклад: кок-сагызны, або кок-сагызавы. У несавецкіх, а таксама савецкіх слоўніках першай траціны ХХ стагодзьдзя аніякага кок-сагызу няма. Між тым кок-сагыз - гэта цэлая эпоха ў разьвіцьці сельскае гаспадаркі ў Беларусі. Адкрытая ў 1932 годзе ў высакагорных далінах Цянь-Шаню, падобная на звычайны дзьмухавец расьліна на загад вялікага аграрніка Сталіна пачала расьці ў Беларусі. Больш таго, пра посьпехі гэтага росту Сельскагаспадарчая энцыкляпэдыя 1951 году меркавала па дасягненьнях беларускіх калгасаў "Чырвоная зьмена", "Ударнік", "Перамога", "Камсамолец", імя Варашылава і ймя Молатава. З кок-сагызу выраблялі каўчук. Каб палепшыць ураджайнасьць расьліны, тагачасныя прафэсыяналы прапаноўвалі дзьве дарогі: 1) Ужываць стаханаўскія спосабы працы і 2) Перайсьці на прапанаваны сельгаскамуністам акадэмікам Лысенакам квадратна-гнездавы пасеў у торфа-перагнойных гаршчэчках, пры якім, як і калгасьнікі, расьліны мусілі разьвівацца не паасобку, а групамі. У гэткі спосаб іх, як адных так і другіх, лягчэй было даглядаць. Неўзабаве пасьля сьмерці Сталіна сыйшоў у нябыт і кок-сагыз -- расьліна малакарысная і слабапрадуктыўная на беларускіх палетках. Але сьвятое месца пустым не бывае. На зьмену каралю палеткаў кок-сагызу ўжо сьпяшалася каралева палёў кукуруза. Cяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |