border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Клёцкі

Клёцкі.  Трывалая яда, калі ехаць лес валіць зімой, ці касіць у прыпар.  Віртуальная страва.  Клёцкі варылі на хаўтуры, клёцкамі паміналі Дзядоў.  Показка была: Чужымі клёцкамі сваіх Дзядоў памінаць.

На тарку дралася бульба.  Адціскалася праз суравіну.  Гэтае цеста звалася «целам».  Потым рабіліся «душы» з крышанага мяса й сала, адпаведна прысмакі, прыправы.  Цела клёцкі мела форму сьнежкі, і гэтакую ж форму мела душа.  Душа магла быць і з кавалачка кілбасы.  У цела клалі душу і кідалі ў вар.  Яшчэ былі клёцкі - яны называліся сарокамі.  Сарока мела падоўжаную форму, і душой быў падоўжаны кавалачак сала.  Яшчэ ў сароку клалі срэбраную манетку - каму пападзецца.  Клёцкі яшчэ былі шкляныя - гэта бяз душ - іх залівалі малаком.  А клёцкі з душамі елі з поліўкай-грыбамі - духмянай і смашнай.

На клёцкі пакідалася самая буйная бульба.  Памятаеце, як клёцкі не па-жаноцкu хацеў зварыць Дзядзька Антось з «Новай зямлі»...

На малога, моцнага і не худога кажуць: як клёцка.

Клёцкі з душамі як бы ўвасабляюць Зямлю з душою.

Рыгор Барадулін
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org