border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Клёш

Гэты фасон жаночае сукні, крой якой шырыцца да нізу або матроскіх порткаў быў у модзе да канца стагодзьдзя. Паходзіць з францускае мовы -- cloche, што азначае звон, звонападобны.

Дамская мода трывае даўжэй, хоць і, як звычайна, зьменлівая. Яшчэ з часінаў НЭПу -- разгулу моды й дазволенай волі. Можа хто і памятае песеньку -- "калі я кавалерыў, насіў я порткі клёш, капелюш саламяны, у кішэні -- фінскі нож".

Пасьля вайны хлопцы, якія адслужвалі на савецкім флёце ледзь не "царскі тэрмін", шыкавалі ў неймаверна разьвеяных клёшах -- што называецца, "заграбалі асфальт". І калі ў піку клёшу, асабліва студэнцтва, сталі насіць порткі-дудачкі, "дасьмілаўцы" -- гэтыя дабрахвотныя паслугачы міліцыі -- сантымэтрам замяралі шырыню калашынаў і распорвалі брытвамі порткі, а праз пышную шэвелюру рабілі праход машынкаю ці той жа брытваю.

Любая мода заваёўвае сваё права й ня дужа хоча саступаць яго. Мода як бы тая ўлада -- любіць трымацца моцна.

Рыгор Барадулін
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org