RFE/RL |
Кефір
У гадох 70-х фальклорны хор з палескай вёскі паехаў у Маскву. Пасьля выступленьня вяскоўцы ўпершыню ў жыцьці вырашылі пайсьці ў рэстаран. З напояў выбралі самы недарагі і экзатычны – кефір за 8 капеек. Афіцыянт прынёс цэлы паднос нечага белага ў шклянках – і даяркі зьніякавелі – гэта было кіслае млека! Так прызвычайваліся да кефіру, які ў адрозненне ад сыраквашы набыў новую якасьць: ён сквашваўся ня шляхам натуральнага браджэньня, а спэцыяльным кефірным грыбком. Паходжаньне слова, як і самога напою, тлумачаць цюркскімі каранямі – кефір роднасны кумысу, словамі “чыхір” альбо “чакыр” многія цюркскія народы называюць віно. Кефір – напой таксама дэмакратычны, як і гарэлка. Яго паважаюць пэнсіянэры, студэнты, алкаголікі. Для аматарак пахудзець ёсьць спэцыяльная кефірная дыета. Гэта калі цэлы дзень – нічога акрамя кефіру. Заява “усё, пераходжу на кефір” – адзін з шырокаўжываных спосабаў пачаць новы, здаровы лад жыцьця. Клятвы такія зазвычай такія ж нямоцныя, як поліэтыленавы пакет з кефірам. Кефір распачаў цэлую сэрыю пераўтварэнняў малака ў ХХ стагоддзі – ацыдафілін, ражанка, ёгурт. Але застаўся ў гэтым шэрагу лідэрам . Кефір у крамах зьнікае хутчэй чым малако. Зімой на кефір малыя спадзяванні. Сакрэт у тым, што ён не вырабляецца з парашковага малака. Алена Ціхановіч
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |