RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Каваль
Каваль - адна з самых таямнічых, спавітых легендамі, казкамі й забабонамі асобаў у жыцьці беларуса. Ня трэба мець высокі густ, каб адчуць, што словы каваль і прафэсія ня надта стасуюцца. Каваль - нешта большае. Каваль - мастак, чарадзей, чалавек, які вырабляе з агнём і жалезам тое, што (нават абы-як) ня можа зрабіць хто заўгодна. Магію кавальства адчулі бальшавікі, якія ўклалі ў рукі рабочага-малатабойца кавальскі молат і намовілі яго разьбіваць уяўныя ланцугі рабства, каб замяніць іх на свае. «Кавалі» - купалаўскі пераклад песьні «Мы кузьняцы, і дух наш молад», якая так і не загучала ў беларускім варыянце. Надта ж не стасуецца, у параўнаньні з кузьняцом, вобраз каваля, які куе ключы шчасьця. «Каваль» - яшчэ адзін пераклад Купалы, але ўжо з польскай, дзе заміж гультайскіх прымройных ключоў, гаворка ідзе пра нялёгкую, але ўзьнёслую працу і стаўленьне да гультаёў. Слова каваль паходзіць ад дзеяслова каваць, які ёсьць у славянскіх, балцкіх і нават лацінскай ды ірляндзкай мовах. Кавальства, кавальня, кавадла, падкаваць, падкова - словы аднаго гнязда. «Сам гартаваны, як меч на кавадле паходным» - пісаў пра Вітаўта Вялікага Мікола Гусоўскі. «Каваль-ваявода» - п'еса Еўсьцігнея Міровіча. «Кавалі» - народны танец. Павал і Дзьмітры Кавалёвы - пісьменьнікі. Уладзімер Кавальчук - сьпявак. Міхал Кавальчык - рэжысэр. Аўгіньня Кавалюк - паэтка. Віктар Каваленка - празаік. Софія Кавалеўская - фальклярыстка, а ейная аднайменьніца - першая ў сьвеце жанчына-прафэсар. Уладзімер Кавалёнак - касманаўт. Сяргей Кавалёў - праваабаронца. Сьпіс можна доўжыць да бясконцасьці. У сярэдзіне 80-ых кавальства як аднаасобная праца пачало адраджацца. Новы каваль - гэта перад усім мастак, які ня толькі і падкову зробіць і каня падкуе... Сяржук Сокалаў-Воюш
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |