RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Кава
Кава - слова вельмі беларускае. Гэта добра ведаюць тыя, каму даводзілася замаўляць гэты напой у якім-небудзь менскім гастраноме. Гэтае слова - як лякмусавая паперка, паводле яго цябе ідэнтыфікуюць у чарзе як беларуса. Слова кава прыйшло да нас з Усходу - з Асманскай імпэрыі, а асманскія туркі пазычылі яго ад арабаў, у якіх яно гучала «qahwa». А вось да расейцаў, прыкладам, кава прыйшла значна пазьней і з Захаду - таму расейскае слова «кофе» зусім непадобнае на нашае, і застаецца дагэтуль чужое для самой расейскай мовы, якая так і ня здолела яго прыстасаваць да сваёй сыстэмы. Кава для Беларусі - новы нацыянальны сымбаль, знак далучанасьці да паўзабытай намі эўрапейскай цывілізацыі. «Кавы», - папросім мы - і нас зразумеюць у любой кавярні ў Польшчы, Літве, Чэхіі, Славаччыне, Украіне, карацей кажучы - у НАШАЙ Эўропе. ...Мы надоўга сыходзім у цемру ночы або ў шэрасьць дня, каб аднойчы на золку вярнуцца да старога сябра, які перш чым пра што-небудзь запытацца пачастуе нас добрай кавай. Сяргей Шупа
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |