border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Каўбаса

Навуковыя спрэчкі адносна паходжаньня слова каўбаса можна параўнаць са спрэчкамі адносна самой каўбасы.  Тут і гаворкі пра якасьць, і гаворкі пра колькасьць, і сваркі ў чэргах ,і шчымлівыя згадкі пра міфічныя часы, калі, як той казаў, заміж замка каўбасой дзьверы замыкалі.

Сярод моваў першакрыніцаў фігуруюць: украінская, турэцкая, расейскаяя, старажытнагэбрайская, француская.  Але ж мы з вамі добра ведаем, што каўбаса ў значэньні паказчык дабрабыту мае савецкае паходжаньне.  У часе мітынгаў канца 80-ых пачатку 90-ых прамоўцы згадвалі каўбасу не радзей чым дэмакратыю і свабоду.  Іншыя прамоўцы называлі такіх каўбасьнікамі і казалі, што найперш трэба незалежнасьць, эканамічныя рэформы і дэмакратызацыя, якія ўрэшце і дадуць тую самую каўбасу: танную, смачную і што самае галоўнае: яе будзе многа!

Маю падазрэньне, што нягледзячы на навуковыя спрэчкі, слова каўбаса ўсё ж уласнабеларускае.  Іначай адкуль такая бязьмежная любоў беларуса да каўбасы? Ужо ў першым беларускім рамане “Золата” (аўтар Ядвігін Ш.) адзін з беларускіх эканамічных эмігрантаў атрымаў у Амэрыцы пасылку зь Беларусі.  Сярод прысланага была і каўбаса.  Эмігрант зьеў каўбасу, а абалонку ад яе доўга насіў у кішэні і час ад часу настальгічна нюхаў яе, прыгадваючы родныя мясьціны.

Найбольш вядомы гатунак беларускай каўбасы — гэта так званая вясковая, хатняя альбо сялянская, якую ў народзе называюць проста: пальцам пханая.  Сярод іншых: крывяная, драмязоўка (альбо ліверная), а таксама безьліч назваў крамных каўбасаў, на многія зь якіх у людзей не хапае грошай і таму яны сапраўды вядомыя толькі паводле назвы ці з выгляду.  На пытаньне: якая самая смачная ў Беларусі каўбаса, кожны беларус хутчэй за ўсё адкажа: тая, якая з маёй вёскі.

Сяргей Сокалаў-Воюш
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org