RFE/RL |
Канстытуцыя
Ох і любім жа мы беларусы ўхваляцца, упівацца сваёй рахманасьцю ды пакорлівасьцю. Ужо ж такія мы паслухмяныя, гэткія спакойныя, ажно сумнеў бярэ, ці бывае ўвогуле ў сьвеце гэтулькі трываньня і цярплівасьці ў адным месцы? А скажу ж я вам – бывае. Пэўне, такая нашая канстытуцыя, будова, гэткае ўстанаўленьне, склад нашай псыхікі. І якую ты нам Канстытуцыю звонку не падкінь, як не ўсталюй нашую дзяржаўную будову, як ня зьменьвай склад, усё роўна мы будзем цярпліва чакаць, калі і хто дазволіць жыць лепей. Як станеш чытаць якія гістарычныя нарысы, дык толькі дзівісься – чаму продкі здабывалі і мелі, а мы толькі страчваем тыя набыткі, разбураем тую будову. Якога ж мы складу, якое будовы? Няўжо маем канстытуцыю разбуральнікаў? Як добра ўгледзецца, дык якраз тое і відно. Складна, ладна, пэўне, жылося ў часы Вялікага Княства Літоўскага. Дбайны Леў Сапега склаў Статут і быццам умацаваў гэтай Канстытуцыяй наш нацыянальтны пазваночнік. Падаецца, нават, што ён здолеў перамяніць векавечную нашую збудову, наш склад. Вядома, там рай – дзе нас няма. І Канстытуцыя самая мудрая, пакуль ня стане тваёй канстытуцыяй і тваім устанаўленьнем, нічагуткі ня будзе адбывацца акром трывушчага чаканьня. Адно беларускае дзіцятка акрэсьліла дакладней нашае канстытуцыйнае бытаваньне і пачуваньне, спытаўшыся: – Мама, а кастытуцыя, гэта калі шмат касьцей? Антаніна Хатэнка
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |