RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Кандыдат
Кандыдат – той, хто намечаны для выбраньня, прызначэньня або прыёму куды-небудзь. Іншае значэньне слова "кандыдат" - навуковая ступень. У другой палове XIX ст. на тэрыторыі Беларусі такую ступень мелі людзі, што сканчалі з вышэйшай адзнакай навучальную установу. Кандыдатам права быў Кастусь Каліноўскі. У савецкія часы спалучэньне "кандыдат навук" – азначала навуковую ступень, якая прысуджалася на падставе абароны дысэртацыі, альбо так называлі чалавека, які ўжо атрымаў гэтую ступень. Само слова "кандыдат" паходзіць ад лацінскага "candidatus" - "апрануты ў белае", і ўжо таму этамалягічна блізкае беларусам. Вялікая колькасьць дарослага насельніцтва БССР пэрманэнтна знаходзілася ў статусе "кандыдатаў у члены КПСС". 6 месяцаў і дзьве рэкамэндацыі іншых членаў партыі – фармальнасьць для "кандыдата", калі ён вывучыў праграму, статут і авалодаў партыйнай тактыкай. Можна уступаць… У апошні год гэтае слова ў Беларусі ўвабрала ў сябе іншы кантэкст і будучыня яго сучасных носьбітаў неясная. Адно ведаем пэўна – рэклямныя буклеты з фатагенічным партрэтам незалежнага беларускага кандыдата могуць так і не зьявіцца на століках прыёмных стаматалягічных клінікаў, а ўсьмешку беларускага кандыдата ня будуць штампаваць у выглядзе прыдарожных постэраў. Сёньня беларускае слова "кандыдат" практычна не абаронена ад фальшывых
абвінавачваньняў у СМІ. Беларускі кандыдат ня можа папярэдзіць усе свае
памылкі ці памылкі сваіх паплечнікаў, тым больш тады, калі гэта ўжо здарылася.
Турма, альбо палітычнае выгнаньне – рэальныя ўмовы існаваньня для незалежнага
беларускага кандыдата. На вялікі жаль, некаторых зь іх, людзей вялікай
сілы духу і пачуцьця ўласнай годнасьці ўжо напаткала сьмерць. Аднак менавіта
дзякуючы самаахвярнай барацьбе усіх беларускіх кандыдатаў, пачынаючы ад
"Яські – гаспадара з-пад Вільні" слова "кандыдат" стала сынонімам словаў
"змагар", "патрыёт", "барацьбіт".
Андрэй Лапцёнак.
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |