RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Камуфляж

Адметнаю своеасаблівасьцю слова зьяўляецца тое, што яно з іншамоўнага, ды яшчэ вузкаспэцыяльнага тэрміну-экзатызму – маскіроўка вайсковай тэхнікі – з незвычайнай лёгкасьцю прыжылося на колішняй агульнасаюзнай, а цяпер вось і на нашай роднай беларускай глебе.

У тым і другім значэньні ў выніку зьменаў вонкавых і сутнасных, прататыпа чалавека з ружжом і колеру хакі зьмніў чалавек з дубінкай і ў камуфляжы. І хоць яго можна сёньня сустрэць на кожным рагу гарадзкой вуліцы, ды цяжка з прычыны камуфляжу зразумець каго ці што ён беражэ і які парадак ахоўвае. І паколькі яго камуфляжная ўніформа адзначаецца ў залежнасьці ад канфігурацыі і афарбоўкі плямаў па рознаму: дзень – ноч, лета – восень, мыш – салома, то застаецца гадаць, што гэта азначае – ці то канец сьвета, ці пачатак новага жыцьця, ці то яркі як летні дзень росквіт дэмакратыі, пры тым такой, якой, як мы ня раз чулі, няма ні ў воднай самай дэмакратычнай краіне, ці то яе імглісты вечар, яе прыцемак, ці то неабходнасьць варушыцца, бегаць з мэтай выжываньня накшталт мышы-палёўкі, ці то знак сядзець ціха пад мятлой як мыш хатняя.

Здачу нацыянальнай дзяржаўнасьці можна камуфляваць гучнымі словамі аб непарыўнай еднасьці і агульнасьці лёсу народаў; агрэсыўны імпэрскі панславізм – псэўдааргумэнтамі наконт адмысловай славянскай роднасьці; а рост узроўню інфляцыі і цэнаў – разлагольстваньнямі пра рост вытворчасьці ды павышэньне заробку і пэнсіяў.

Камуфляваць” гучыць па-беларуску – чуеце! – амаль як мухляваць.

Анатоль Вярцінскі
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org