border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Калыханка

“Зьбеглі зайкі ўсе ў лясы,
Змоўклі птушак галасы,
І буслы ў гняздо схавалі,
Свае доўгія насы”

Напэўна, пасьля “Касіў Ясь канюшыну” гэтая калыханка на словы Генадзьдзя Бураўкіна застаецца адной з самых вядомых беларускамоўных песьняў. І выглядае, што гэтая тая рэдкая беларуская песьня, якая падабаецца ўсім, незалежна ад узросту і нацыянальнасьці.

Калыханкі бацькі ўсяго сьвету адвеку сьпяваюць сваім дзецям. У суседніх славянскіх народаў “калыханка” гучыць вельмі падобна: Па польску – “калысанка”, па-украінску – “колыскова”, па чэску – “уколебавка”.

Калыханка – гэта не народная песьня, якую сьпявалі ўсей вёскай, усімі пакаленьнямі. Калыханка – справа больш інтымная,  яна не падыходзіць да масавага выкананьня на вячорках. З-за гэтага, дарэчы, амаль не існуе фальклёрных збораў калыханак – такія песьні людзі сьпяваюць толькі сваім дзецям.

Нажаль, большасьць людзей не памятае словы і мелёдыю калыханак, што ім сьпявалі маці. Таму калыханкі заставаліся ў сямейнай памяці толькі ў тым выпадку, калі бабуля, гушкаючы ўжо сваіх ўнукаў,  сьпявала старыя калыханкі. З пераездам беларусаў у гарады падобная сувязь абарвалася. Большасьць сёняшніх гараджанаў не ведае ніякіх сямейных калыханак, прыдумляючы сваё альбо сьпяваючы штосьці агульнавядомае. У гэтым моцна дапамагло радыё і тэлебачаньне, калі там зьявіліся першыя калыханкі, адразу стаўшы агульнанароднымі хітамі

Хаця за апошнія гады зьявілася даволі многа разнастайнай беларускай музычнай прадукцыі,  касэтаў з беларускімі калыханкам, пакуль, здаецца, няма. Дзіцячай беларускамоўнай літаратуры аднак, даволі шмат, і ў гэтых кніжках можна знайсьці і беларускія калыханкі. Нам з жонкай, напрыклад, прыйшлася даспадобы такая:

Ходзіць певень па капусьце
Носіць сон у белай хусьце
Усіх дзеткам прадаваў
А Багуське дарма даў

Зрэшты, часам бацькі пад калыханкі перарабляюць маркотныя альбо проста лірычныя песьні. Я, напрыклад, магу люляць свайго сына самымі рознымі песьнямі: тут  і “Шумныя бярозы” і  “У суботу Янка” і нават застольная “Ад панядзелка да панядзелка”. Усё прыдасца, абы дзіцятка заснула.

Віталь Цыганкоў
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org