border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды



Калёнія.

З лаціны - colonia - сельбішча, пасяленьне.

Слова шматзначнае. Гэта - і супольнасьць птушак і жывёлаў, і сукупнасьць грамадзянаў якой-небудзь дзяржавы ў іншай краіне, гэта і краіны пад уладаю чужой дзяржавы, мэтраполіі.

У калёніях птушак і жывёлаў дзейнічае закон сілы і парадку, натуральны адбор, суладьдзе з прыродай. У людзей, як заўсёды, усё болей вытанчана ў сваёй жорсткасьці ды вонкава прыхавана. І розныя папраўчыя,  жаночыя ды дзіцячыя працоўныя калёніі трываюцца на прымусе, на падаўленьні волі асобы.

У савецкай імпэрыі калёніі называліся сацыялістычнымі рэспублікамі. На Беларусі ў свой час спрыялі прагрэсу каляністы, асабліва зь Нямеччыны. Яны ставілі элеватары, млыны, лесапільні, будавалі камяніцы. Калёніі гэтыя вылучаліся высокай культурай земляробства, рознай вытворчасьці і рамёстваў. Багата на нашых землях было і пасяленцаў-калёніяў латышоў.

І ў гады рэпрэсыяў як ня ўсе каляністы былі сасланыя ў Сібір, раскулачаныя. Адно назовы вёсак нагадваюць яшчэ пра каляністаў, руплівых ды кемлівых гаспадароў.

Слова калёнія паступова сыходзіць з актыўнага ўжытку у размытых сваіх значэньнях. Хіба толькі застаецца ў асноўным, як азначэньне месца адбываньня пакараньня.

Рыгор Барадулін.
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org