RFE/RL |
Журналіст
Элегантнае, вытанчанае, з густам наўпрост з Парыжу. Французскае слова з корневым значэньнем “дзень”, якое толькі напачатку ды напрыканцы стагодзьдзя мела рэальнае значэньне ў Беларусі. 10 гадоў нашаніўскае пары перад саветамі і 10 гадоў незалежнага друку пасьля іх плюс пару дзесяцігодзьдзяў калатнечы за Польшчай у Заходняй Беларусі, ды шматлікія эмігранцкія выданьні ў Амэрыцы, Эўропе і Аўстраліі, ды самвыдат – няшмат, хаця ня так і мала. Журналістыка журчыць, часам бярэ на сябе ролю журы, наводзіць журбу, жартуе з вагнём і вучыць не журыцца. У Беларусі ўлада й журналісты як казачныя ліса й журавель: што добра аднаму, не пасуе другому. Журналістыка пад прымусам ідзе мэтастазамі, чарнее, курчыцца й гіне: урадавыя ордэны на афіцыйных газэтах і ў афіцыйных журналістаў – трупныя знакі прафэсійнае зьнявагі. Белыя плямы, глушылкі, драконаўскія суды, штрафы й закрыцьці – прафэсійныя ўзнагароды беларускае незалежнае журналістыкі. Журналістыкі не бывае без свабоды; у ХХ стагодзьдзі свабода немагчымая без журналістаў. Аляксандар Лукашук
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |