RFE/RL |
Яма
Яма, яміна, ямка – адно з самых сэмантычна напоўненых словаў нашай мовы. Для беларуса, для яго побытавай сьвядомасьці, гістарычнай памяці, гэта – склеп, зямлянка, калдобіна і акоп, падвал і траншэя, нара і роў, канава і яр і, вядома ж, – магіла. Паводле папулярнай песьні “Цячэ вада ў ярок”, а ў яры, ірвы ды насьпех выкапаныя ямы цякла насамрэч кроў беларускіх сыноў і дачок, ахвяраў усялякіх захопнікаў ды гвалтаўнікоў, у прыватнасьці, далакопаў бальшавіцка-сталінскага кшталту. Жывым у яму не палезеш, не капай яму свайму бліжняму. Гэтак гучалі спрадвечна-стрыманы, так бы мовіць, аптымізм народа, яго цьвярозая гуманістычная мараль. Але насуперак ёй згаданыя далакопы, заплечных спраў майстры, рабілі сваю чорную справу, стралялі і скідвалі ў ямы штабелямі гэтых самых ні ў чым не вінаватых сваіх бліжніх. У выніку, кажучы словамі публіцыста, гэтай іхняй кіпучай дзейнасьці, на беларускай зямельцы побач з рознымі прыроднымі паглыбленьнямі ды ўпадзінамі, з ірвамі-ярамі ды звычайнымі могілкамі ўтварыліся незьлічоныя ямы-магілы. Ямы-магілы ў Курапатах, ямы-магілы ў ваколіцах Магілёва, Воршы, Вілейкі, Бабруйска, Гомеля. Яма. Яма эмацыянальная, яма духоўная, яма прававая, яма маральна-палітычная, і яма, у фігуральным сэнсе, ваўчыная – гэта ўжо калі чалавек падыходзіць да бездані, калі ў яго ўжо зьнікае магчымасьць жыць. “Во трапіў у ваўчыную яму, колькі куды ні скачы – ня выскачыш”, – горка зазначае ў сваіх перадсьмяротных развагах герой аповесьці Васіля Быкава, якая так і называецца – “Ваўчыная яма”. Мы ведаем клясычнывя творы пад назвай “Яма”, але ў дадзеным выпадку ня проста яма, але яма ваўчыная. Анатоль Вярцінскі>
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |