border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Я

«Я — апошняя літара ў альфабэце» – казалі нам у нашай савецкай мінуўшчыне, калі мы празьмерна падкрэсьлівалі сваю індывідуальнасьць, асобнасьць, самасьць.

Старадаўняе АЗ прайшоўшы праз тысячагодзьдзі сталася для нас Я.

Я — мяне — мне — мяне — са мною — ува мне.

Даўгія гады замест гордага й адказнага Я нас вучылі казаць баязьлівае й халопскае МЫ.  Так беларусы страчвалі адну з сваіх найкаштоўнейшых якасьцяў – індывідуалізм.  Індывідуальнасьць, асобнасьць, самасьць — аснова гонару й адказнасьці, перадумова творчасьці й самазахаваньня.  Замест індывідуальнай адказнасьці гаспадара беларусам у ХХ стагодзьдзі спрабавалі прышчапіць калектыўную безадказнасьць хамскага МЫ.

Я — гэта гаспадарка, МЫ — гэта калгас.  Я — гаспадар, МЫ — электарат.

Той, хто кажа пра сябе Я, той ведае сабе цану.  Прасіць аб праве «людзьмі звацца» могуць толькі МЫ.

Віленскі мастак Аблажэй аднойчы сказаў:
Я — гэта слова, адмытае ад МЫ.

«Быў.  Ёсьць.  Буду.» – у гэтых словах Караткевіча Я не прамоўлена.  Але хто наважыцца сказаць, што тут не гучыць Я.

Сяргей Шупа
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org