RFE/RL |
Ідал
Ідалы – гэта каменныя, драўляныя або мэталёвыя выявы паганскіх багоў. У беларускіх гаворках да слова ідал існуе цэлы ланцужок сынонімаў. Стод, балван, кумір, ёлуп. Ідалы-стоды стаялі на капішчах і былі аб’ектам пакланеньня. Кожны ўвасаюляў нейкае божышча ды вымагаў ахвяраў. Найвядомейшы са старажытных беларускіх ідалаў – шклоўскі, – добра знаёмы любому школьніку з падручніка гісторыі. Энцыкляпэдыі паведамляюць, што пасьля прыняцьця Хрысьціянства, ідалаў прыстасоўвалі да патрэбаў новае рэлігіі, выбіваючы на іх крыжы. Пра тое, што ідалы спатрэбіліся і тады, калі бальшавікі пачалі вайну з рэлігіяй, энцыкляпэдыі сарамліва маўчаць. Большасьць ідалаў таго часу пасьпяхова дажыла да нашых дзён. Галоўны ідал – лысы, з вусамі і невялікай бародкай, зазвычай стаіць на цэнтральным пляцы гораду ці мястэчка і паказвае рукою на гайню бяздомных сабакаў ці на віна-гарэлачную краму. Разы два на год ідалу прыносяць чырвоныя кветкі, якія, відаць, мусяць нагадваць пра часы, калі ахвяры былі непараўнальна шчадрэйшыя, вымяраліся мільёнамі чалавечых жыцьцяў. Уладзімер Арлоў, Менск
|
Радыё СВАБОДА |
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved.
http://www.rferl.org |