RFE/RL
Беларуская Служба Радыё СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Гульня

Што я беларусаў ня ведаю? Беларус альбо працуе альбо п’е гарэлку. Калі вып’е – можа і пазабаўляцца. Але каб сьвядомы беларус не працаваў, а гуляўся ў гульні – такога, лічы, не бывае.

Беларус здатны прыдумаць кола, сякеру, млын. Але выдумаць шахматы ці футбол, не раўнуючы ўжо – бег прусакоў навыперадкі, яму б, нават, і да галавы не прыйшло.

Бадай, мы маем толькі адну нацыянальную гульню – хованкі. Мы спрадвеку тым і бавіліся, што хаваліся ад розных прыхадняў. Калі не ў лясох, дык у саміх сабе. І ўрэшце так пахаваліся, што калі сталася магчымым выйсьці на людзі, то ніяк самі сябе не пазнаходзім.

Пэўна, беларус ад прыроды няздольны да хоць якой умоўнай гульні, тым болей і да палітычнай гульні ў беларускую дзяржаву.

Усялякая дзяржава – гэта гульня ў правы і абавязкі паміж уладай і грамадзянамі. А беларусы замест таго, каб ствараць свае каманды і гуляць з уладай у беларускую дзяржаву, звыкла хаваюцца за фіранкамі.

Гэтак дасюль не ва ўласным доме, але як бы ў прымах жывуць. Раскіданыя па ўсім сьвеце гэбраі праз дзьве тысячы гадоў выгнаньня стварылі нацыянальную дзяржаву таму, што ўсе гэтыя дзьве тысячы гадоў гулялі ў сваю гульню па правілах, выкладзеных у Бібліі і пад наглядам судзьдзі, якога называлі Богам.

Але беларусы, як вядома, не гэбраі. Беларусы залішне сур’ёзна ставяцца да жыцьця, каб гуляцца ў жыцьцё. І гэта, пэўна, таксама няблага.

Толькі, як сьведчыць гістарычны досьвед, калі ты ня ўмееш забаўляцца сам, то табою забаўляюцца іншыя.

Валянцін Акудовіч
 

 Радыё СВАБОДА
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org