border RFE/RL border

БЕЛАРУСКАЯ СЛУЖБА РАДЫЁ СВАБОДА

Слоўнік Свабоды


Губэрнатар

Апошнім часам гэтае слова ўсё больш навязьліва стракаціць у беларускіх газэтах, гучыць з радыё і тэлевізіі.  Журналісты, зацыкленыя на расейскіх падзеях, аўтаматычна ўводзяць яго ў беларускі палітычны лексыкон. 

«Гу-бэр-на-тар» — гучнае, фанабэрыстае рэха данесла нам гэтае слова бязь зменаў са Старажытнага Рыму.  Не зьмяніўся і ягоны зьмест — валадар, уладца, загадчык, прызначаны кіраваць кавалкам краю. 

За часоў Расейскае імпэрыі Беларусь была падзеленая на губэрнi.  Вiцебская губэрня разьлягалася ледзь не да Эстонii, а Браслаўшчына ўваходзiла ў губэрню Ковенскую.  На чале губэрняў стаялi прысланыя з Расеi чыноўнiкi — губэрнатары, якiя разглядалi сваю пасаду як прыступку да далейшае кар’еры.  Напрыклад, гарадзенскi губэрнатар Сталыпiн па вяртаньнi на радзiму стаў мiнiстрам унутраных справаў.

Губэрнатараў прызначаў цар.  Яны падпарадкоўвалiся толькi сэнату й пракуратуры ў далёкiм Пецярбургу.  Дзясяткi губэрнатараў зьмянялi ў нас адзiн аднаго.  Сярод іх былi розныя людзi — адныя расстрэльвалi, другiя садзiлi паркi, але iх усiх лучыла тое, што яны былi ў Беларусi чужыя.

Пасьля 1917 году губэрнатараў ня стала наогул.  I пра iх забылiся.  Напрыклад, iмёны апошняга вiленскага губэрнатара, нейкага Вяроўкiна, альбо вiцебскага, нейкага Галахава, ужо нiчога нiкому ня кажуць.  Адзiная беларуская губэрня без губэрнатара была Гомельская, утвораная ў савецкай Расеi ў 1919 годзе, пакуль яе не далучылi ў 1926 годзе да БССР.  Няма Расеi — няма i губэрняў з губэрнатарамi. 

Адпаведна, называць сёньня словам ГУБЭРНАТАР цяперашнiх вэртыкальнікаў — кiраўнiкоў беларускiх абласьцей, што часам робяць нашы журналісты — памылка.  Гэта тое самае, што называць іх ваяводамі, на ўзор нашай другой суседкі — Польшчы.  Губэрнатар — гэткай пасады ў Беларусi няма.  На чале ўлады ў вобласьцi стаiць СТАРШЫНЯ АБЛАСНОГА ВЫКАНАЎЧАГА КАМIТЭТУ.  Даўжэй, але слушна i па-беларуску...

Сяргей Харэўскі
 

© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc., All Rights Reserved.
http://www.rferl.org