RFE/RL |
|
Слоўнік Свабоды
Горад
«Не люблю я места, па-расейску — горад», - напісаў аднойчы бацька новабеларускай літартуры Францішак Багушэвіч. Гэтая фраза нібы задала цэлую сацыяльную парадыгму нянавісьці беларуса да гораду, яе можна паставіць у адзін шэраг зь іншымі крылатымі фразамі, які доўгі час складалі паэтычны партрэт беларуса — «Людзьмі звацца», «Бо я мужык, дурны мужык», «Не забывайце ... каб ня ўмерлі»... Цікава, што складаная гісторыя дачыненьняў беларуса з горадам адбілася і на самой тэрміналёгіі. «Горад» — слова старадаўняе, якое гадоў тысячу таму азначала нешта крыху іншае — агароджанае паселішча зь сядзібай палітычнай і духовай адміністрацыі. Цывілізацыйна старадаўні горад, мабыць, мала розьніўся ад вёскі. За часы Вялікага Княства Літоўскага беларускія землі разам з гарадамі набываюць новую якасьць, спазнаўшы цывілізацыйную трансфармацыю і далучыўшыся да Эўропы. Гэтая перамена адлюстравалася і ў зьмене тэрміну. Горад пачаў называцца «местам». Tады ж узьнікла і польскае «miasto», і літоўскае «miestas», і ўкраінскае «місто» — так абазначыўся наш усходнеэўрапейскі субкантынэнт. Беларусы ў месьце адчувалі сябе гаспадарамі. У месьце панавала старабеларуская мова, якою пісаліся акты й граматы, абвяшчаліся на пляцах загады й пастановы. Аднак надыйшлі часы, калі беларускую культуру зь местаў выцясьніла польская, а пасьля расейская. І беларусы незалюбілі места (па-расейску — горад). Якраз у гэты момант узьнікала новая беларуская палітычная нацыя, базаю якой ужо непадзельна была вёска. Места занялі расейцы і пераназвалі горадам. Супрацьстаяньне гораду-вёскі і спроба беларусізацыі гораду працягваліся ўсё дваццатае стагодзьдзе. Ці палюбілі мы горад? Ці палюбіў горад нас?.. Сяргей Шупа
|
© 1995-1999 Radio Free Europe / Radio Liberty, Inc.,
All Rights Reserved. http://www.rferl.org |